Міліцыя прыйшла па Цапкалу і Статкевіча


На лідара Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалая Статкевіча заведзеная крымінальная справа аб падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч. Аналагічнае абвінавачванне – у блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка штабу патэнцыйнай кандыдаткі на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. За кратамі – і самы папулярны апанент Аляксандра Лукашэнкі Віктар Бабарыка. Цяпер жа следства прыйшло і да яшчэ аднаго фаварыта прэзідэнцкай кампаніі Валерыя Цапкалы.

Афіцыйны каментар: Міністэрства ўнутраных справаў праводзіць праверку супрацьпраўных дзеянняў Валерыя Цапкалы паводле заявы грамадзяніна Турцыі. Неафіцыйна вядома, што гаворка пра бізнесоўца Сэдата Ігдэджы, які будаваў і аб’екты Парку высокіх тэхналогіяў, і прыватны дом Валерыя Цапкалы, а на пачатку выбарчай кампаніі заявіў, што чыноўнік яму не заплаціў. Менавіта на гісторыю з нерухомасцю раней спасылаўся Аляксандр Лукашэнка, калі казаў пра кампрамат на свайго былога падначаленага.

«Ён не кажа, чаму яго прэзідэнт звольніў… Няхай шчыра распавядзе. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба – скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам», – казаў Лукашэнка працаўнікам МТЗ 29 траўня.

Сёння ж тэлеграм-каналы, блізкія да КДБ, адначасова з заяваю Сэдата Ігдэджы апублікавалі і тэкст з кампраматам на Валерыя Цапкалу ды ягоную жонку – медычнага і сексуальнага характару.

А ўчора ўвечары дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі агучыла словы Аляксандра Лукашэнкі, што іншы ўдзельнік выбараў – банкір Віктар Бабарыка – звязаны з Масквой, і што арышты, выняцце грошай, ячэек «Белгазпрамбанку», вываз каштоўных карцінаў, прывезеных Бабарыкам у Беларусь, – гэта барацьба з адмываннем грошай.

«Калі мы гэты газпрамаўскі банк прыхлопнулі, яны ўсё зразумелі… Усе пераймаюцца: «Ах, Лукашэнка пасадзіў». А мы нікога туды не звалі. Мы дзейнічаем паводле закону, як гэта было заўжды. А як іначай – $640 млн праз банк адмылі і ў Латвію пералічылі. Амерыканцы гэты банк накрылі за адмыванне грошай», – заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з актывам Менскай вобласці ў Салігорску.

У штабе Віктара Бабарыкі раней дапускалі, што крымінальная справа супраць удзельніка выбараў ініцыяваная не праваахоўнымі органамі, а паводле загаду вышэй. І вось яно пацверджанне.

«Мы накіравалі афіцыйныя запыты ў ЗША і ў Латвію, каб нам прадставілі дакументы, якія падцвярджаюць або абвяргаюць тое, што ўчора было сказана ў тэлеэфіры. Таксама мы патрабуем рассакрэчвання абвінавачання, бо дагэтуль ніхто з нас не ведае, у чым абвінавачваюць Віктара і Эдуарда (Бабарыкаў) і астатніх 20 асобаў, якіх трымаюць у СІЗА КДБ», – распавяла «Белсату» прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

Сёння Фінансавая міліцыя забрала з карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» яшчэ 10 карцінаў. А кліенты банку, не звязаныя з арыштаваным банкірам, распавялі журналістам, што пасля першага ператрусу іхныя ячэйкі аказаліся адчыненыя, а змесціва знікла.

Лукашэнка прызнаўся, што распарадзіўся і наконт крымінальнага арышту блогера Сяргея Ціханоўскага – мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, якая вылучаецца на кандыдата ў прэзідэнты:

«Так, я ім даў сігнал з Ціханоўскім. Я штосьці не так зрабіў?»

Лукашэнка і раней хваліўся, што загадвае сілавікам, каго лавіць і каго саджаць, нагадвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. А цяпер кіраўнік дзяржавы пайшоў на абвастрэнне, бо перамагчы сілаю толькі адміністратыўнага апарату ён не можа.

«Пакідаючы за кратамі палітычных апанентаў, Лукашэнка лішні раз забяспечвае сабе неабходны вынік. Бо калі пакінуць іх на волі, то гэта, на ягонае меркаванне, магло бы прывесці да масавых дэманстрацыяў, масавых пратэстаў. А няма чалавека – няма праблемы», – тлумачыць логіку кіраўніка дзяржавы Віталь Цыганкоў.

Што Лукашэнка можа прапанаваць грамадзянам, каб за яго прагаласавалі? Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Не хлусіць».

«Жывем як у турме. На аднаго жыхара 2 міліцыянты».

«Я раней была апалітычная, але тое, што адбываецца, перагарнула маю свядомасць».

«Я ўвесь час галасаваў за яго, а цяпер буду галасаваць супраць. Бо ён надакучыў. З гэтым Колем, з гэтымі каханкамі, з усімі гэтымі выхадкамі».

«Няхай ён з намі жыве ўсё жыццё! Я страшна люблю Лукашэнку. У крамах усё ёсць. Цішыня, спакой».

«Ён ужо абяцаў вельмі шмат, і яму ўжо нічога не дапаможа на гэтых выбарах. Я вельмі спадзяюся, што ён апошнія месяцы наш прэзідэнт».

Няма кандыдата – няма праблемы. Сёння ў Гомлі і Віцебску раённыя дзяржкамісіі проста не прынялі ўсіх подпісаў, сабраных там за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»