Аб'ектыў 06.09.2019 Міліцыя хоча стаць чалавечнай: МУС працуе над новым іміджам


Міністр унутраных справаў паабяцаў, што ў ведамстве будуць аналізаваць крытычныя матэрыялы аб праваахоўніках, у тым ліку пра міліцэйскі гвалт і жорсткасць. Разам з тым Юрый Караеў адмяніў паліграф – дэтэктар хлусні для сваіх падначаленых, каб не звальняць тых, хто не пройдзе праверку.

«Больш востра глядзім публікацыі ў медыях накшталт нашае працы. У тым ліку ў сеціве, у тым ліку незалежных, апазіцыйных медыяў. Яны ж таксама аднекуль гэтыя матэрыялы бяруць, і не ўсе яны прыдуманыя альбо паклёп».

Людзі ў пагонах мусяць памятаць, што служаць народу, – зазначыў пасля ўчорашняй сустрэчы з Лукашэнкам Юрый Караеў. Міністэрства ўнутраных справаў спрабуе прадэманстраваць чалавечы твар. Паказацца з лепшага боку ці зрабіцца чалавечнейшымі? Ці чакаць пасля словаў міністра рэальных дзеянняў?

Рэпартаж Вітаўта Сіўчыка глядзіце ў поўным выданні за 6 верасня

У эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» кіраўнік МУСу зазначыў, што любыя сумневы трэба трактаваць на карысць людзей, то бок, згадаў аб прэзумпцыі невінаватасці.

«Можна прынамсі парадавацца, што МУС фармальна згадзілася з тым, што дзейнасць супрацоўнікаў у многім не адпавядае тым патрабаванням, якія ім прад’яўляюцца. Гэта ўжо добра», – кажа Андрэй Бандарэнка, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа».

Таксама міністр заявіў пра магчымы адыход ад пагоні за палачна-галачнымі паказнікамі ды перавод міліцыі на бальную сістэму ацэнкі працы.

«Ацэньваць будзе не па колькасці нейкіх малых парушэнняў (напрыклад, далі лекару каньяк, а настаўніку нейкую драбязу), а ацэньваць будзем паводле сапраўды буйных справаў, дзе нанесеная сурʼёзная шкода дзяржаве, бачная значная карупцыя», – сказаў Караеў.

Юрый Караеў лічыць, што змагацца з карупцыяй міліцыі найлепш з дапамогай прафілактыкі. Маўляў, міліцыі варта своечасова паправіць чалавека – ён убачыць, што за ім ёсць кантроль, яго дзеянні заўважныя, і перадумае здзяйсняць злачынства.

«За чыноўнікамі ўвесь час ідзе сачэнне, тэлефоннае праслухоўванне. Мы калі стасуемся з людзьмі, яны ўсе гэта пацвярджаюць. Проста наступае момант, калі трэба некага саджаць. Сёння зноў пачынаецца рыхтаванне да выбараў», – кажа Алег Волчак з «Прававой дапамогі насельніцтву».

Паводле праваабаронцы Алега Волчака, галоўнай функцыяй праваахоўнікаў надалей застанецца не абарона людзей, міліцыя – гэта перадусім рэпрэсіўны апарат. Прынцыповых зменаў у ведамстве з прызначэннем новага міністра не заўважыў і блогер NEXTA, які ў сваім тэлеграм-канале рэгулярна публікуе дасланую яму ад людзей інфармацыю пра гвалт з боку міліцыі:

«Хутчэй, тут гаворка вядзецца не пра нейкія кардынальныя змены сістэмы, а пра нейкія касметычныя, каб нівеляваць тыя выпадкі, якія адбываюцца», – лічыць блогер.

Вітаўт Сіўчык/«Белсат», фота анонсу – Наталля Фядосенка/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары