Міліцыя хавае «ВАЗы» і «Нівы» з мігалкамі


Паслязаўтра ў Менску пачнуцца Еўрапейскія гульні – спартовая імпрэза коштам $ 72 млн, якую дзяржаўнае тэлебачанне штодня рэкламуе як дасягненне дзяржавы. Падрыхтоўка да турніраў нясе і невідавочныя выдаткі. Гэтак сталічная міліцыя, імаверна, перасядзе на больш дарагія машыны, каб схаваць старыя.

Да Еўрапейскіх гульняў у Менску схаваюць еўразійскія міліцыявозы. Гэта вынікае з дакументу, які атрымаў са сваіх крыніцаў Блогер NEXTA. Калі верыць ананімнаму «зліву», Дэпартамент аховы Міністэрства ўнутраных справаў патрабуе ад Менскага гарадскога дэпартаменту прыбраць з вуліцаў «ВАЗы» і «Нівы» з мігалкамі.

«Неабходна з 19 чэрвеня да 1 ліпеня выключыць перабыванне на маршрутах патрулявання службовых аўтамабіляў маркі ВАЗ і мінімізаваць выкарыстанне аўтамабіляў «Шэўрале Ніва» у дзённы час», – пазначана ў дакуменце, падпісаным намесніка начальніка Дэпартаменту аховы МУС Беларусі, начальнікам упраўлення тылавога забеспячэння Русланам Былінам.

Ці гэта сапраўдны загад? Дэпартамент аховы адказаў журналістам, што не каментуе такой інфармацыі.

Вось што мяркуюць пра гэта жыхары і госці Менску:

«Шчыра? Саміх міліцыянтаў бы схаваў».

«Міліцыянтаў у першую чаргу».

«Пажадана схаваць увесь АМАП з вуліцаў».

«Хаваць нічога не трэба, трэба паказваць нешта добрае. Напрыклад, паркі, мясцовую кухню, мясцовых дзеўчын».

З дзяўчатамі ў беларускай міліцыі справы не горш, чым у КНДР: на менскіх скрыжаваннях на час Еўрапейскіх гульняў паставілі 25 рэгуліроўшчыц – кіраваць рухам і фармаваць імідж краіны. Але гасцей будзе не так і шмат: арганізатары чакалі на Еўрагульні 30 тысяч турыстаў, але квіткоў на імпрэзу за мяжу прадалі толькі 20 тысячаў.

«Афіцыйнаму Менску гульні патрэбныя як частка перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі», – мяркуе аглядальнік Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Таксама Лукашэнка прыме на адкрыцці Еўрагульняў прэзідэнтаў Азербайджану, Грузіі, Малдовы і Сербіі, а з Расеі прыедуць прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў і кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў – вялікі аматар спорту.

Мядзведзеў прыедзе не проста як заўзятар: апошнім часам менавіта ўрад Расеі стаў лакаматывам прымусу Аляксандра Лукашэнкі да паглыбленай інтэграцыі ў межах так званай Саюзнай дзяржавы.

«Расейскі бок паставіў гэтак званы дэдлайн, гэта канчатковы тэрмін, калі расейска-беларускія працоўныя камісіі мусяць прыйсці да нейкай згоды ў пытаннях інтэграцыі. Гэты дэдлайн 21 чэрвеня, якраз момант прыезду прэм’ера Расеі Дзмітрыя Мядзведзева», – нагадвае Віталь Цыганкоў.

Як адзначае Віталь Цыганкоў, расейскія чыноўнікі перад візітам у нашую краіну ўжываюць псіхалагічны ціск на ўлады Беларусі. Напрыклад, заяўляюць пра 90 % дамоўленасць аб праграме інтэграцыі. Так што горача будзе не толькі на стадыёнах.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu