Міліцыя дазволіла БТ публікаваць тэлефонныя размовы людзей


Урывак з тэлефоннай размовы Паўла Севярынца з лідарам «Маладога Фронту» Змітром Дашкевічам прагучаў у другой частцы прапагандысцкага фільму тэлеканалу «Беларусь1» «Званок сябру». У ім аўтары звязвалі пратэсты супраць так званага падатку на дармаедства з падзеямі на ўсходзе Украіны і са зверствамі нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны.

Ці законная трансляцыя прыватных размоваў на ўсю краіну?

У Першамайскім упраўленні ўнутраных справаў Менску лічаць, што ў дзеяннях працаўнікоў дзяржаўнага тэлебачання не толькі няма складу злачынства, але і нічые правы не былі парушаныя. Начальнік упраўлення Андрэй Парашчук адказаў на зварот Паўла Севярынца ў Следчы камітэт, маўляў, запіс на тэлебачанне даставілі ананімы, а значыць – ніхто і не вінаваты.

«Тым болей ананімнасць у такіх выпадках ад адказнасці не ратуе», – аспрэчвае заяву міліцыі былы следчы Алег Волчак.

Публікацыя прыватных тэлефонных размоваў – звычайная справа для беларускага дзяржаўнага тэлебачання. Толькі ў гэтым фільме выкарыстаныя гутаркі цэлага шэрагу апазіцыйных беларускіх палітыкаў.

Сам Павал Севярынец збіраецца патрабаваць раскрыцця таямнічай крыніцы Белтэлерадыёкампаніі ды абскарджваць адказ упраўлення ўнутраных справаў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum