Міліцэйскі гвалт у Гомлі. Вобшукі і ператрусы ў актывістаў і праваабаронцаў


Ператрус у Грамадска-палітычным цэнтры на Палескай, дзе месціцца офіс гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтру «Вясна», трываў 9 з паловаю гадзінаў. Увесь час амапаўцы сядзелі побач у бусе. У выніку праваабаронцу Леаніда Судаленку забралі на гутарку.

З ператрусам сёння зранку прыйшлі і да праваабаронцы Васіля Палякова ды актывіста Аб‘яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Новікава. Паводле Васіля Палякова, гэта нібыта звязана са справай Уладзіміра Няпомняшчых. Пенсіянера Міністэрства ўнутраных справаў і кандыдата пратэсту на мінулых выбарах затрымалі 23-га снежня ды абвінавацілі ў пагрозе гвалту ў дачыненні пракурора.

«Безумоўна, улады з апошніх сілаў імкнуцца запалохаць грамадства. Я лічу, што гэта такія безвыніковыя выселкі. Але тым не менш, яны гэтым займаюцца. Таму Палеская, таму актывісты, ператрусы. Каб людзі перастрахоўваліся і менш актыўнічалі». – паспавядае праваабаронца Васіль Палякоў.

У Васіля Палякова забралі частку тэхнікі і дакументы ягонага сына: падазрэнні выклікала польская мова. Нават за цытату з Бібліі ва ўласным акне, калі яна на нядобранадзейным фоне – бел-чырвона-белым, – складаюць пратаколы. Паперу з патрабаваннем з’явіцца сёння ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну гомелец Мікалай Навасельскі атрымаў напярэдадні Новага года. Мужчыну вінавацяць у «парушэнні архітэктурнага рашэння фасаду будынку».

«Я б хацеў, каб праз гэтыя сімвалы, гэтыя штандары, калі яны вырашылі пад ім ісці, былі захаваныя ісціны Божыя. Таму я і хацеў выкарыстаць такім чынам сваё служэнне Госпаду», – скардзіцца евангеліст Мікалай Навасельскі.

Плакат Мікалаю давялося зняць.

Надзея Бельская, «Белсат»