Міліцэйскае бязмежжа: прыйшлі з сякерамі ў кватэру


10 кастрычніка жыхары вёскі Прылукі, што пад Менскам, пачулі лямант і клічы на дапамогу. У кватэру сямʼі Бародзічаў спрабавалі ўварвацца амапаўцы і працаўнікІ Міністэрства надзвычайных справаў з сякерамі.

Бацька Андрэя Бародзіча распавядае:

«На якой падставе вы будзеце ламаць дзверы майго сына?» – «У нас следчае мерапрыемства». Пытаюся: «Наконт чаго?» – «Мы вам не скажам! Вы не маеце права гэта ведаць, толькі ён можа». Вось глядзіце, ён стаіць на гаўбцы, скажыце яму самі, асабіста. Кажуць: «Не, толькі пасля таго, як мы зойдзем у кватэру». Кажу: «У кватэру я вас не пушчу, і ён вас не пусціць».

Алег Бародзіч спрабаваў знайсці адваката, тым часам людзі ў форме бесперапынна званілі ды грукалі ў дзверы. Андрэй Бародзіч:

«Яны паўгадзіны званілі, мне прыйшлося званок зламаць: маленькае дзіцё спіць, яна прачнулася, стала нервавацца, бегаць. Са словаў бацькі, якому прадʼявілі пратакол, на мяне заведзеная крымінальная справа па факце падпалаў, гвалту людзям, за арганізацыю масавых беспарадкаў, узброены супраціў. Гэта нейкая дзікасць!»

Асобы з сякерамі зʼехалі праз некалькі гадзінаў, пратаколу Бародзічам не пакінулі. Андрэй сцвярджае, што не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Ягоны супраціў палягаў на шыцці бел-чырвона-белых сцягоў ды вечаровых сустрэчах з суседзямі ў двары. Жонка Андрэя Юлія:

«Мы ж заўсёды рэальна разумелі, што ў нас маленькае дзіцё, што я залежная, што калі з ім што-небудзь здарыцца, мы на адзін дэкрэтны не выжывем. Таму мы ні на маршы не хадзілі, нікуды, каб не было аніякіх дзеянняў».

Баючыся за сваё жыццё і не чакаючы позвы, Андрэй зʼехаў за мяжу. Мы сустрэліся з ім акурат напярэдадні адʼезду.

«Калі цягам паўдня яны прабіваліся ў кватэру, калі, прабачце, прыехаў пажарны падрад з сякерамі біць мае дзверы, натуральна, я не тое што ў небяспецы, я за сваё жыццё баюся», – кажа Андрэй.

Ператрусы і затрыманні ў Беларусі адбываюцца ледзь не штодзённа. Найбольш цярпяць удзельнікі мірных акцыяў пратэсту, праваабаронцы ды незалежныя журналісты. Былы следчы і цяпер праваабаронца Алег Волчак адзначае:

«У нас у краіне існуе прэзумпцыя невінаватасці, але следчыя і аператыўныя работнікі парушаюць, таму што сёння іх пракуратура фактычна не кантралюе. І сёння людзі могуць прыбегчы з сякерамі, як у сітуацыі з дадзеным грамадзянінам. Каб праводзіць вобшук, чалавека трэба выслухаць, узяць тлумачэнне, у рамках якой крымінальнай справы. Можа, ён сам нешта скажа, можа ён недатычны, можа, ён пакажа алібі, што яго ўвогуле ў Беларусі не было».

Цяпер Андрэй Бародзіч спадзяецца атрымаць палітычны прытулак за мяжою і як найхутчэй сустрэцца з роднымі. Гэтак дзяржава страціла інжынера і адмыслоўца ў галіне міжнародных грузаперавозаў. Жонка Андрэя, спецыялістка ў IT-тэхналогіях, таксама не застанецца ў Беларусі. Алег Бародзіч:

«У яго добрая праца была, добры заробак. Ён любіў сваю працу. Так, ён быў незадаволены існымі парадкамі ў нашай краіне. Я таксама незадаволены! А зараз – дык і ўвогуле. Я лічу, што ў нас у краіне проста няма закону».

У сувязі з узмацненнем рэпрэсіяў плынь уцекачоў з Беларусі павялічваецца. Сотні заявак на атрыманне палітычнага прытулку ад беларусаў зарэгістравалі ў Польшчы, Літве ды Украіне.

Таццяна Уласенка, «Белсат»