Мікалай Лукашэнка і бацька – прэцэдэнт у гісторыі хакею


Змяніў дзень свайго нараджэння, а цяпер і правілы гульні. Бацькоўская любоў у выпадку кіраўніка Беларусі не мае межаў і не ведае нормаў. Аляксандр і Мікалай Лукашэнка разам выйшлі на лёд «Чыжоўка-арэны» у двубоі з камандай ветэранаў Швейцарыі.

Такога не бачыў не толькі беларускі, але і сусветны хакей

Аднолькавы нумар, аднолькавыя прозвішчы, але два розныя гульцы. Але што рабіць, калі ўва ўсім хочацца быць першым?

«Тое, што аднолькавыя нумары ў Лукашэнкі, і ў ягонага сына – гэта толькі ягонае свавольства. Гэта, канешне, супярэчыць усялякім правілам спартовых спаборніцтваў», – кажа спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла.

Лік – 11:4. Вядома, на карысць каманды Лукашэнкаў

На рахунку Мікалая – адна пераможная шайба, у Аляксандра – цэлых тры.

«Не заўзею, гэта ўсё блеф. Так і запішыце. І пакажыце нават. Трэба яму перастаць дурыцца. Ужо ж не малады».

«Я лічу, што гэта заваёўванне таннага аўтарытэту. Спроба».

«Не бачу ў гэтым вялікага дасягнення для Беларусі. Лепш бы заробак павысілі».

– каментуюць піяр Лукашэнкі звычайныя мінакі.

Колькі дакладна каштуе любоў да хакею кіраўніка Беларусі?

Гэтага не ведае ніхто. Але шматлікія лядовыя палацы па ўсёй краіне сведчаць, што гэтае замілаванне – вельмі каштоўнае для падаткаплатнікаў.

«Няма каму задаць гэтае пытанне, калі не лічыць незалежных медыяў. Дапускаю, што швейцарцаў неякі тамтэйшы багацей прывёз. Можа, ён і ўклаўся, але калі ўзяць гэтыя калядныя турніры (ужо 14 праведзена), то відавочна, што і на саму гэтую лядовую арэну, і на тое, каб гэтыя каманды запрасіць – гэта немалыя грошы», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Калядны турнір на прыз прэзідэнта Беларусі праходзяць штогод

І амаль штогод узнагарода кіруецца да самога Лукашэнкі. Сёлета ягоная каманда перамагла 11-ты раз… Гэткая прадказальнасць не спрыяе поўным трыбунам.

«Калі гэта сапраўднае спаборніцтва, сапраўдная канкурэнцыя, то будуць глядзець мільёны, гэта будзе аб’ядноўваць нацыю. А калі гэта спектакль, калі гэта толькі дэкарацыі, калі гэта так званая гульня ў паддаўкі, дык адпаведна ніякай цікавасці няма, таму што ўсё прасякнутае фальшам», – мяркуе Класкоўскі.

У якасці параўнання – амерыканскі Суперкубак

Спаборніцтва ўчора сабрала на стадыёнах і перад экранамі мільёны амерыканцаў. Нядзеля, у якую адбываецца фінальная гульня, стала сапраўдным нацыянальным святам.

У Беларусі ж шчырае здзіўленне выклікае кіраўнік краіны на лаўцы штрафнікоў. Туды Лукашэнка трапіў падчас апошняга каляднага турніру. Гэта адбылося першы раз за ўсю гісторыю, і, бадай, апошні.

Вольга Жарнасек, «Белсат»