Мікалай Казлоў: Мусім падзякаваць Ярмошынай за тое, што людзі згубілі надзею


Выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў набірае абароты. Актыўна ідзе збор подпісаў, некаторыя ўжо могуць пахваліцца выкананнем гэтай задачы. Адметнасць сёлетняй кампаніі – стракатасць сярод апазіцыйнага бамонду: ад традыцыйных удзельнікаў выбараў да тых, хто раней актыўна заклікаў да байкоту. Хада працэсу дакладна зрабілася цікавейшая, а вось ці паўплывае гэта на вынік?

Электаральная кампанія ў шэрагах Аб’яднанай грамадзянскай партыі распачалася са скандалу. Партыйны зʼезд адмовіўся вылучаць сваім кандыдатам Ганну Канапацкую. У адказ на гэта дзейная дэпутатка прыпыніла сваё сяброўства ў структуры.

Мікалай Казлоў, выканальнік абавязкаў старшыні АГП:

«Я не думаю, што на цяперашнім этапе гэта разглядаецца як нейкая страта. Бо Ганна Канапацкая дастаткова доўга не камунікавала з Абʼяднанаю грамадскаю партыяй, таму мала што змяняецца. І як раз з тае прычыны зʼезд і адмовіў ёй у выстаўленні. У сітуацыі з Ганнаю Канапацкай, як высвятляецца, у нас таксама былі завышаныя надзеі. Улада не памылілася ні ў чым».

Каб не паўтараць памылак, кожны кандыдат, якога будзе выстаўляць АГП, мусіць падпісаць адмысловую дамову з партыяй, паводле якой абавязуецца трымацца лініі партыі. Напрыклад, перадаць у пракуратуру ўсю інфармацыю аб парушэннях падчас выбараў, нават у выпадку электаральнага трыумфу, ды прасоўваць законапраекты, распрацаваныя АГП. Дарэчы, гэта звычайная практыка ў еўрапейскіх краінах.

Мікалай Казлоў, выканальнік абавязкаў старшыні АГП:

«Мы мусім падзякаваць Ярмошынай, якая доўгія гады дамагалася таго, каб людзі згубілі надзею на тое, што існуюць справядлівыя выбары. Я цяпер штодзённа камунікую з выбарцамі і я бачу, што ў іх няма веры ў выбары».

Паводле выканальніка абавязкаў старшыні АГП Мікалая Казлова, такая сітуацыя характэрная і для самых партыйцаў. Таму не дзіва, што на фоне такой паніжанай палітычнай цікавасці грамадства ніводная апазіцыйная структура не выставіла кандыдатаў на ўсіх 110 выбарчых акругах.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Людзі не ведаюць ні лідараў, ні партыяў і гэтак далей. То бок яны не прысутнічаюць у грамадскім уяўленні. Але ёсць іншы бок, там, дзе партыі таксама няздатныя, – гэта мабілізацыя і гатовасць да нейкіх канкрэтных дзеянняў».

Больш веры ці прынамсі энтузіязму ў некаторых грамадскіх актывістаў, якія раней у палітычнай актыўнасці заўважаныя не былі. Напрыклад, сярод прадстаўнікоў Руху маці 328 і праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці.

Таццяна Канеўская, Руху Маці 328:

«Для чаго? Ну гэта ёсць шанец. Таму я і балатуюся – у мяне ёсць магчымасць гаварыць аб гэтым адкрыта. Кожнаму чалавеку, які падыдзе, я раскажу, што такое 328, што адбываецца самачын і ў Следчым камітэце, і ў судовай нашай сістэме. Каб аб гэтым усім расказваць».

Цяпер жа адная з галоўных задач уладаў – не дапусціць палітызацыі грамадскай незадаволенасці. Адпаведна, шанцы ў актывістаў трапіць у Палату прадстаўнікоў амаль адсутнічаюць – лічыць дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Улады калі і пусцяць у парламент людзей, то яны пусцяць не праблемных, не актыўных, не крэатыўных, залежных. А тут людзі проста працуюць на падвышэнне градусу грамадскай увагі да пэўнай праблемы, скарыстоўваючы гэтыя механізмы».

У гэтым і ёсць галоўная інтрыга выбараў – колькі ж гэтым разам ПУСЦЯЦЬ непраўладавых кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu