Метадолаг Уладзімір Мацкевіч: Саюзная дзяржава паўстала як «піяраўскі праект»


Расейскі трыкалор побач з афіцыйным беларускім сцягам – на галоўнай плошчы Менску. Пра Дзень яднання народаў Беларусі ды Расеі інфармавалі і шмат якія інфармацыйныя расцяжкі. Нібыта народнае свята сёлета зноў толькі ў афіцыйных згадках.

«Ад разрухі пачатку 1990-х гадоў сталі шкадаваць пра Савецкі Саюз. І пад гэтае шкадаванне, пад гэтую настальгію быў зроблены вось гэты піяраўскі праект. Ніхто не спадзяваўся на тое, што ён калі-небудзь запрацуе. І з таго часу нашыя краіны ўсё больш разыходзяцца», – кажа метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Дзень яднання паўстаў 2-га красавіка 1997-га, калі Аляксандр Лукашэнка ды Барыс Ельцын падпісалі Дамову аб саюзе Беларусі і Расеі. Да інтэграцыі Лукашэнка імкнуўся і надалей. І ўжо ў 1999-ым паміж краінамі была падпісаная Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Аднак абавязанні паводле дамовы фактычна не выконвала ні Расея, ні Беларусь. Уладзімір Мацкевіч:

«Вось толькі апошнімі гадамі Пуцін згадаў пра існаванне забытай вось гэтай Саюзнай дзяржавы. І ім гэтая ідэя падалася прыдатнаю, каб працягнуць тэрмін кіравання Пуціна Расеяй. А калі далучыць Беларусь – ужо новай дзяржаваю нібыта».

Неўзабаве ў выніку падатковага манеўру ў Расеі нашая краіна страціла ільготныя кошты на газ і нафту. Пайсці на саступкі расейскі бок паабяцаў пры ўмовах «узмоцненай інтэграцыі», згодна з дамоваю Саюзнай дзяржавы. А як перспектыву фактычнага далучэння да Расеі ацэньваюць самыя беларусы?

«Хутчэй на правах кшталту Еўразвязу. Каб гэта быў нейкі саюз, але ў прынцыпе была і самастойнасць».

«Негатыўна. Бо Беларусь страціць незалежнасць. Гэта дрэнна для нашай краіны. Мы не зможам вырашаць самі, якім шляхам нам накіроўвацца».

«Дзяржава ёсць дзяржава. Мы да гэтага імкнуліся, каб быць самастойнымі».

«У мяне расейцаў вельмі шмат сяброў. У госці прыязджаюць сваякі. Але ўсё ж такі, я думаю, што мусім быць асобнымі».

Паводле апытання Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі, за аб’яднанне з Беларуссю на раўнапраўнай аснове выказаліся 18 адсоткаў расейцаў і амаль столькі ж падтрымалі ўваходжанне ў склад Расеі ў якасці субʼекту. Меркаванне падзялілі і некаторыя апытаныя намі масквічы:

«Калі Беларусь увойдзе ў склад Расеі, гэта будзе вельмі добра для ўсіх».

«Горш не будзе. Я думаю, што мы знойдзем агульную мову».

«Будзе няблага. Славяне мусяць быць разам. І з Украінаю таксама».

«Я супраць гэтага. Беларусь – гэта асобная краіна. І Украіна таксама асобная. Так было ўжо дастаткова даўно».

Што праўда, паводле Уладзіміра Мацкевіча, абʼяднанне пакуль застаецца толькі прадметам палітычных маніпуляцыяў. Маўляў, Расея не пацягне Беларусі з эканамічнага гледзішча. А Лукашэнка на выкананне ўмоваў Саюзнай дзяржавы не пойдзе.

Юлія Лабанава, belsat.eu