Мэр Львова адмаўляецца купляць аўтобусы беларускага МАЗу


Тэндар на закуп ста аўтобусаў для Львова з’явіўся яшчэ ў лютым мінулага года. Большую частку грошай на набыццё транспарту павінен даць Еўрапейскi інвестыцыйны банк.

Але нядаўна мэр Львова Андрэй Садавы паведаміў, што верагодны пераможца тэндару – беларускi МАЗ, і запытаў у грамадскасці, ці маюць яны маральнае права спансіраваць рэжым Лукашэнкі.

«Не заМАЗвайцеся крывёй» – з такім плакатам беларусы, якія пераехалі ў Львоў, у тым ліку і з палітычных матываў, у нядзелю выйшлі на акцыю. Для таго, каб украінскія ўлады пачулі іхны голас і адмовіліся набываць прадукцыю МАЗу. З гэтай нагоды беларусы Львова таксама склалі на імя мэра адкрыты ліст, які на гэты момант падпісалі некалькі соцень чалавек.

«Сама ідэя вельмі добрая, сапраўды Львову вельмі патрэбныя камфартабельныя аўтобусы. Тое што робіць мэр для гораду – ён робіць правільна. Іншая сітуацыя, што на сённяшні дзень, у сувязі з палітычнымі падзеямі, закупіўшы гэтыя аўтобусы ён тым самым падтрымае гэты крывавы рэжым, за гэтыя грошы людзей будуць саджаць, забіваць і калечыць», – кажа беларуск актывіст у Львове Аляксей Францкевіч.

У тэндары ўзялі ўдзел пяць кампаніяў: дзве прадстаўлялі ўкраінскіх вытворцаў, дзве – беларускіх, а адна – турэцкую. Што датычыць украінскіх прадстаўнікоў то адзін з іх, паводле мэра, не выканаў умоваў тэндару і не даслаў усёй неабходнай дакументацыі, а другі – мясцовы завод «Электрон» – прапанаваў значна вышэйшы кошт за аўтобус, чым прапаноўвае дылер МАЗу: 222 тысячы еўраў супраць 158-мі тысячаў. То бок агульная эканомія склала б – амаль 6 з паловай мільёнаў еўраў.

«Беларусы далі меншую цану, значна меншую, чым нават тая, за якую яшчэ нядаўна былі прададзеныя аўтобусы для Кіева, бо Кіеў набыў 190 аўтобусаў МАЗу. Але ўлічваючы сітуацыю, якая цяпер з санкцыямі, мы звярнуліся да ўраду, да прэмʼер-міністра Шмыгаля, мы звярнуліся пасля да Еўрапейскага Звязу ва Украіне, мы звярнуліся да самаго Еўрапейскага інвестыцыйнага банку, каб нам дапамаглі зразумець: а што рабіць у дадзенай сітуацыі. Таму што, з аднаго боку, нам патрэбныя аўтобусы, а з іншага боку, нам важна, каб братэрскі беларускі народ меў дэмакратычную ўладу», – тлумачыць сваю пазіцыю мэр Львова Андрэй Садавы.

Цяпер мэр Львова чакае адказу ад ураду і Еўрапейскага інвестыцыйнага банку. На ягоную думку, самым добрым рашэннем было б правядзенне новага тэндару. Такім чынам, яны па-першае не падтрымаюць рэжым Лукашэнкі, а па другое – падымуць пытанне аб падтрыманні ўласных украінскіх вытворцаў.

Ганна Галёта, Белсат.