Менскія выпускнікі распавялі пра свае планы на будучыню


Для выпускнікоў прагучаў сёння апошні званок. Пра менскіх маладзёнаў паклапаціліся сталічныя ўлады: абмежавалі продаж алкаголю. Няўжо забарона – гэта найлепшы ўрок, які могуць даць выпускнікам дарослыя?

Шмат для каго звініць апошні раз. Сёлета школу заканчваюць 85 з паловаю тысяч дзевяцікласнікаў і амаль 55 з паловаю тысяч вучняў адзінаццатых класаў. Кіраўнікі навучальных установаў краіны пастанавілі самыя, калі мае прагучаць апошні званок: 29 ці 30 траўня. Выключэнне – Менск, дзе ўсе лінейкі адбыліся сёння.

«11 гадоў жыцця прайшлі, і трэба паступаць, і ў школу больш не вернемся».

«Наперадзе экзамены, паступленне, і гэта ўсё будзе вырашацца, таму невялікі стрэс. А так, у асноўным, свабода!»

«Проста не верыш. Падаецца, што ў наступным годзе зноў прыйдзем».

«Нарэшце я скончыла 11 класаў. Зусім не перажываю наконт паступлення. Усе здадзім, усе паступім, усё будзе добра», – кажуць выпускнікі 9 гімназіі Менску.

Выпускныя іспыты пройдуць з 1 да 8 чэрвеня. Дзявятыя класы здаюць дыктант па беларускай і расейскай мовах і матэматыку. У адзінаццацікласнікаў – пераказ па адной з дзяржаўных моваў, матэматыка, гісторыя і замежная мова.

«Я веру, што ў вас усё атрымаецца. Я жадаю вам захаваць сувязь, сяброўства, што аб’яднала за 11 гадоў на ўсё жыццё. Поспехаў вам. Са святам!»

Выпускнікі 9 гімназіі дзеляцца сваймі планамі на будучыню:

«Я хачу звязаць сваё жыццё з маёй Радзімай. Я не хачу ні ў якую Расею, Польшчу, хачу тут быць. Стаць я хачу… Трохі незвычайная прафесія, на ксяндза вучыцца».

«Займаюся з двума рэпетытарамі. Збіраюся паступаць у нас у краіне ў БНТУ. А ў далейшым, можа, дзе-небудзь за мяжою».

«Не хачу ў Беларусі жыць, люблю Беларусь, але не хачу. Не тое. Вось Чэхія – гэта маё».

У сувязі з апошнімі званкамі сёння ў Менску абмежавалі продаж алкаголю. Пра мэтазгоднасць такой захады мы запыталі менчукоў:

«Канечне, патрэбна, барацьба з алкаголем павінна весціся».

«Усё адно яны знойдуць спосаб набыць. Ці праз пасярэднікаў, ці проста загадзя, але для тых, хто наперад не думае, нармальна».

«Забараняльныя меры яшчэ нікому ніколі не прыносілі ніякай карысці. Яшчэ ёсць добрая прымаўка: свіння заўжды бруд знойдзе».

Продаж алкаголю абмяжуюць і падчас выпускных. Іх сёлета запланавалі на 8 чэрвеня.

Вольга Чайчыц, belsat.eu