Менскія чыноўнікі прыдумалі, як разбурыць помнік архітэктуры


Сучасны шматфункцыйны будынак з паркінгам і кавярнямі можа з’явіцца на месцы старога дому № 5 на Вайсковым завулку ў Менску. Будынак ёсць гістарычна-культурніцкаю каштоўнасцю, таму знасіць яго нельга паводле заканадаўства. Але патэнцыйны навабуд чыноўнікі называюць «рэканструкцыяй».

У самым будынку ўжо ніхто не жыве, але супраць выступаюць жыхары суседніх дамоў.

«Гэта ансамбль. Тры гэтыя будынкі, яны зробленыя ў адным стылі ў адным духу. І ў іх настрой ствараецца, – кажа жыхарка дому № 3 Галіна Горына. – Калі праходзіш міма, ствараецца настрой спакою і расслабленасці, бо гэта ўсё вельмі чалавечнае».

Пад петыцыяй у яго абарону падпісаліся 300 менчукоў.

«Якім чынам гэта можна ўсё разбурыць, знішчыць і парушаць дзейную пастанову № 59 Міністэрства культуры, якое адвяло нашыя дамы ў ахоўную зону і разам з тым дае дазвол на будаўніцтва нейкіх шматфункцыйных аб’ектаў?», – пытаецца Галіна Голубева, якая жыве ў гэтым ж доме.

Паводле гэтай пастановы, у межах кварталу, што ўваходзіць у зону абмежаванай забудовы, дазволеная толькі рэканструкцыя існых двухпавярховых будынкаў без павышэння паверхавасці.

Пракуратура пакуль не спяшаецца разбірацца са справаю, а Міністэрства культуры адказвае жыхарам адпіскамі. Маўляў, праект канчаткова не вынесены на разгляд.

«Мінкульт мусіць даць дакладны адказ пра тое, што адбываецца з гэтым будынкам, але ён гэта робіць вельмі расплывіста. А камітэт архітэктуры мусіць прыпыніць парушаць заканадаўства ды прытрымлівацца ўсіх нарматыўных актаў, а не тых, якія яму выгодныя», – кажа Дзяніс Кобрусеў з кампаніі «Горад для гараджанаў».

Паводле Кобрусева, забудоўнік можа пачаць гэтак званую рэканструкцыю ў любы момант.

«Сёння кватэры – у руках аднаго ўладальніка. І там ніхто не жыве. То бок вельмі хутка можна прыгнаць бульдозер ды пачаць руйнаваць, і не трэба ніякага часу для судовых паседжанняў, высялення жыхароў. Вельмі мала часу застаецца на мабілізацыю грамадскасці. Існуе небяспека, што ўсё можа вырашыцца ў неправавым рэчышчы», – дадае Кобрусеў.

Раней грамадскасці ўдалося хаця б часткова ўратаваць Асмалоўку, Котаўку, Паўночны пасёлак.

Гэта дае надзею, што ўдасца захаваць і забудову на Вайсковым завулку.

Міхась Ільін