Менскі Цэнтр дзікай прыроды выселілі з будынку былога кінатэатру «Электрон»


Сафары-парк на працягу амаль 4 гадоў быў сумесным праектам з Нацыянальным гістарычным музеям.

«А гэта вось кобра, маноклевая, кобра, яны жывуць у паўднёвай Азіі. Яна пакормленая, спакойная, ёй ужо каля 15 гадоў», – паказвае сваіх гадаванцаў Валянцін Сакалоў.

Валянцін Сакалоў заснаваў Цэнтр дзікай прыроды амаль 25 гадоў таму. Некаторых жывёлін Валянцін сам выратаваў ад смерці.

«Пугач са зламаным крылом быў. Мы потым яго вылекавалі, ён птушанём быў. У нас уся жывёла: сысуны, птушкі, – яны смертнікі ў прыродзе з розных прычынаў», – расказвае кіраўнік цэнтру дзікай прыроды.

Апошнія гады Цэнтр займаў некалькі памяшканняў былога кінатэатру «Электрон», што месціцца ў сталічнай Курасоўшчыне. Будынкам распараджаецца Нацыянальны гістарычны музей.

Да тысячы наведнікаў штомесяц прыходзіла ў Сафары-парк, але ўжо 10 месяцаў заапарк не працуе. Рэптыліі, птушкі ды паўсотні іншых жывёлінаў могуць апынуцца на вуліцы.

Апошнія 2 гады ў Валянціна Сакалова, дырэктара заапарку, была падпісаная дамова аб супрацы з Гістарычным музеем. Але 10 месяцаў таму дамова скончылася. Новы кіраўнік музею яе не працягнуў.

«Уваход быў платны, але ўсімі фінансавымі пытаннямі распараджаўся непасрэдна Нацыянальны музей. Проста нашую долю паводле дамовы пералічвалі на наш рахунак. 35 адсоткаў было музею, 65 – нам», – тлумачыць Валянцін.

Сёння ў Сафары-парк прыехалі судовыя выканаўцы. Суд пастанавіў вызваліць памяшканне яшчэ ў лютым. Прадстаўнікі Нацыянальнага гістарычнага музею адмовіліся каментаваць сітуацыю на камеру, але патлумачылі: дамова з Сафары-паркам скончылася, і ў Цэнтру дзікай прыроды было некалькі месяцаў, каб знайсці новае памяшканне. Усе жывёліны сёння адправіліся ў Менскі заапарк. Валянцін у любы час зможа іх забраць. Было б толькі куды.

Наста Кахановіч, belsat.eu