Менскі ХК «Юнацтва» стаў дзевяціразовым чэмпіёнам Беларусі


Гучныя воклічы – нястрымная радасць пераможцаў! Менскі хакейны клуб «Юнацтва» перагуляў «Шахцёра», атрымаў Кубак прэзідэнта і стаў дзевяціразовым чэмпіёнам Беларусі.

Найлепшым у гісторыі каманды назваў гэты сезон галоўны трэнер «Юнацтва» Аляксандр Макрыцкі. Ягоныя падапечныя перамаглі ў чатырох матчах з магчымых сямі ў фінальнай серыі Кубку. Няўдача «Шахцёра» – у адсутнасці права на памылку: дагэтуль на сваёй пляцоўцы ў Салігорску каманда праваліла дзве сустрэчы запар. Між тым у апошнім матчы «Юнацтва» і «Шахцёра» інтрыга захоўвала да апошняга.

«Прапусцілі гол, памылка ў абароне, але – рэабілітаваліся. Забілі гол у оўвэртайме. І мы чэмпіёны!» – Кажа абаронца ХК «Юнацтва» (Менск) Мікіта Міцкевіч.

Першы перыяд на «Чыжоўка-арэне» прынёс станоўчыя эмоцыі заўзятарам «Юнацтва», што дзякуючы шайбе Станіслава Лапачука адкрыла лік. У другой 20-хвілінцы статус-кво аднавіў Аляксандр Жыдкіх, але ўсё ж гаспадары пляцоўкі намаганнямі Андрэя Антонава зноў выйшлі наперад – 2:1. Калі да фінальнай сірэны заставалася крыху больш за 4 хвіліны, гасцей выратоўвае Раман Крыкуненка: нічыя 2:2, і сустрэча перацякае ў оўвэртайм.

«Ужо позна было нешта мяняць. Проста дзейнічаць, як мы дзейнічалі ўвесь сезон – увесь гэты плэй-оф адгулялі. Гуляць ад простага. Былі дзесьці шурпатасці, але – здолелі і выгралі», – адзначае нападнік ХК «Юнацтва» (Менск) Усевалад Кашкар.

У накаўт «гарнякоў» адправіў дакладны кідок Максіма Парфеяўца. Тытул дастаўся «Юнацтву» упершыню без Міхаіла Захарава, пад кіраўніцтвам якога клуб дагэтуль восем разоў рабіўся найлепшым у краіне. Цяпер былы галоўны трэнер «Юнацтва» узначальвае Нацыянальную хакейную зборную Беларусі.

Дзмітрый Сухановіч, Юлія Лабанава «Белсат»