Менская вобласць: шматдзетных сем'яў стала больш на 43 %


За апошнія пяць гадоў колькасць шматдзетных сем’яў у Менскай вобласці павялічылася на 43 %. Пра гэта паведамілі ў Менаблвыканкаме. Агулам на Меншчыне цяпер больш за 18 тысяч шматдзетных семʼяў. Якія льготы спрыяюць нараджальнасці, высвятляла Наста Кахановіч.

Самая істотная льгота для шматдзетных семʼяў – у сферы будаўніцтва жытла. Шматдзетным сем’ям даюць крэдыт пад адзін адсотак гадавых. Пры гэтым семʼям з трыма дзецьмі дзяржава пагасіць тры чвэрці крэдыту. З чатырма і болей – выплацяць усю суму. Сярод льготаў таксама – бясплатныя абеды ў школьных сталоўках, бясплатныя гурткі, зніжкі на школьныя падручнікі ды вызваленне ад зямельнага падатку.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Калі пашукаць у інтэрнэтах, то там падаецца, што вельмі шмат ільготаў. Асабліва вот на кватэру. Але насамрэч, каб пабудаваць кватэру, трэба стаяць на чарзе па паляпшэнню жыллёвых умоваў», – кажа шматдзетны бацька Анатоль Шырвель.

У Беларусі сёння налічваецца 106 тысяч шматдзетных сем’яў. За апошнія 5 гадоў іх толькі ў Менскай вобласці стала болей ажно на 43 адсоткі. Цяпер на Меншчыне жыве 18 тысяч такіх сем’яў.

Адна з іх – сям’я Няронскіх. Існымі льготамі шматдзетная маці з-пад Слуцку Вера не вельмі задаволеная. Як падлічыла жанчына, атрымліваецца прыкладна 970 рублёў на месяц – на ўсіх 6 дзяцей.

«Канечне, гэта мала. Кожнага пракарміць, абуць. Вельмі складана. Тата працуе трактарыстам у калгасе, зімой зусім заробку няма», – кажа Вера Няронская.

Акрамя таго, сям’я трапіла ў фінансавую пастку. Пяць гадоў таму спадарыня Няронская з мужам пабудавалі дзве кватэры. Дзяржава вылучыла грошы, адпаведна з будаўнічымі дакументамі. Але…

«Дом быў здадзены ў эксплуатацыю ў 2014 годзе, але кошт рос як грыбы, вось тры даведкі», – расказвае шматдзетная маці.

У выніку сямʼя аказалася вінная яшчэ 5 тысяч долараў. І дагэтуль жанчына з мужам і дзецьмі не маюць мінімальнай належнай ім плошчы – 15 метраў на асобу.

«Падтрымка для шматдзетных сем’яў ці для ўсіх ільготнікаў павінна ажыццяўляцца праз такі дыферэнцыяваны падыход, калі вывучаецца сітуацыя канкрэтнай сям’і. У некага такі даход, што яму і не трэба нічога, ён і сам у стане пабудаваць сабе кватэру. А іншаму можа і мала той падтрымкі, якую дзяржава максімальна можа аказаць», – кажа Анатоль Шырвель.

Таму многія сем’і двойчы падумаюць, ці нараджаць яшчэ адно дзіця.

Наста Кахановіч belsat.eu