Менскае «Дынама» без плэй-оф


Пра няўдачу менскага «Дынама» стала вядома пасля таго, як «Слован» на сваёй пляцоўцы ў оўвэртайме перагуляў рыжскае «Дынама» 3:2.

Каманда з Браціславы нават перавыканала задачу, бо для працягу далейшай барацьбы ёй нават хапала не прагуляць суперніку ў асноўны час, які ў выніку скончыўся 2:2. Такім чынам «Слован» павялічыў свой адрыў ад «зуброў», які стаў 8 балаў, і забяспечыў сабе канчатковы восьмы радок турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі, што дае права згуляць у плэй-оф. Там іхным супернікам стане пераможца рэгулярнага чэмпіянату маскоўскі ЦСКА. Пасля паўзы ў КХЛ, звязанай з удзелам нацыянальных зборных у міжнародных турнірах, нам засталося правесці ў «рэгулярцы» ўсяго два хатнія матчы, ад якіх ужо нічога не залежыць. 16-га – супраць «Спартака», 18-га – з «Тарпеда».