«Менск высмоктвае ўсё з краіны». Ці магчыма выцягнуць з крызісу беларускую правінцыю?


З 2018-га да 2020-га – час пад знакам Года малой радзімы. У межах яго ўлады плануюць заняцца развіццём беларускіх рэгіёнаў. Аднак ці будуць рэальныя вынікі ў гэтай сферы, а не проста пазітыўная рыторыка?

Савет Міністраў зацвердзіў рэспубліканскую праграму правядзення ў Беларусі гэтак званых Гадоў малой радзімы. Плануецца правесці больш за 120 разнастайных імпрэзаў у рэгіёнах краіны. Сярод іх – уключэнне ў сельгасабарот патэнцыйна ўрадлівых нявыкарыстаных палеткаў праз іх рэкультывацыю, а таксама будаўніцтва або рэканструкцыя меліярацыйных сістэмаў.

«Відавочна, ніякіх праблемаў малой радзімы за адзін год немагчыма вырашыць – гэта патрэбная комплексная праграма на дзесяцігоддзі, а нават, мабыць, і больш. То бок гэтак не працуе ў гэтым жыцці. Вядома, вельмі хочацца прыехаць, паказаць: тут закапаць, там адкапаць, і каб назаўтра тут паўстаў нейкі горад-сад. Але, на жаль, такога не адбываецца. Ніякіх зменаў адносна глабальных тэндэнцыяў таксама не адбудзецца. Людзі з вёсак з’язджаюць у гарады буйнейшыя», – кажа дырэктар Цэнтру новых ідэяў Антон Раднянкоў.

На гэты момант ужо больш за дзве траціны беларусаў жывуць у гарадах – з такімі паказнікамі нашая краіна ёсць самай урбанізаванай на постсавецкай прасторы. Але ж, паводле экспертаў, і некаторыя гарады паціху паміраюць – такія, як Барысаў, Ворша і Бабруйск. Адсутнасць універсітэтаў, нізкая аплата працы і беспрацоўе змушаюць жыхароў такіх населеных пунктаў шукаць шчасця ў іншых месцах. Гэтая сітуацыя не магла не прыцягнуць увагі кіраўніцтва дзяржавы.

«Рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Менскай і, з вялікай нацяжкай, у Гарадзенскай вобласцях. Любая сур’ёзная дыферэнцыяцыя прыводзіць да кропак расколу ў грамадстве і маштабных праблемаў у краіне. Таму перад урадам пастаўленая задача – жыццё нашых людзей мусіць быць аднолькава камфортнае ў кожным горадзе і раёне», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

І сапраўды, паводле статыстыкі, за апошнія сем гадоў валавы рэгіянальны прадукт Менскай вобласці вырас на 28 %, Гарадзенскай – на 13 %. Астатнія рэгіёны стагнуюць: Берасцейская вобласць дадала ўсяго каля 5 %, Гомельская – 3 %, Віцебская – 2 %, а валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці нават скараціўся на 3 %. І як на такі стан рэчаў глядзяць самі жыхары Магілёўшчыны?

Жыхары Магілёва кажуць:

«Так развіліся, што тут людзі памруць хутка, напэўна».

«Выгляд вуліцаў змяняецца. Вельмі сімпатычна робіцца. Літаральна некалькі месяцаў таму пачалі адбудоўваць цэнтр гораду».

«Вельмі шмат чуем, што дрэнны стан у нашых прадпрыемстваў. І праз заробкі людскія можам таксама судзіць».

«Я гэта адчуў, што ён не развіваецца, яшчэ гадоў восем таму. І таму я адсюль з’ехаў. У Расею».

«Менск, вядома, не параўнаць. Я б нават хацела пераехаць туды жыць. Тут сумнавата. Менск ёсць Менск».

За апошнія 27 гадоў стабільна расце насельніцтва толькі ў адным рэгіёне Беларусі – горадзе Менску: цяпер там жыве кожны пяты беларус! Астатнія рэгіёны паказваюць стабільнае падзенне колькасці насельніцтва, але найбольшае – Віцебская і Магілёўская вобласці. Колькасць жыхароў там зменшылася на 247 і 200 тысячаў адпаведна.

«Мае працаваць схема цэнтр – перыферыя. Калі цэнтр выцягвае з перыферыі рэсурсы (чалавечыя, інвестыцыйныя, грошы, усё астатняе), генеруе нейкую «added value», інавацыі. І галоўнае, каб гэтыя інавацыі зноў вярталіся нейкім чынам у рэгіёны, каб там паляпшалася жыццё. У нас гэтая схема працуе кепска: Менск высмоктвае ўсё з краіны, але назад нічога не дае», – мяркуе Антон Раднянкоў.

На меркаванне экспертаў, урбанізацыя – доўгатэрміновы глабальны трэнд. А дзеля эфектыўнага развіцця рэгіёнаў патрэбная сістэма мясцовага самакіравання, якая дазволіла б правільна размяркоўваць рэсурсы на актуальныя патрэбы. Аднак пакуль мы бачым толькі чарговую інфармацыю пра будоўлю новай жылой плошчы ў Менску.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»