Менск шукае нафту ў Азербайджане


Расея перакрыла кран – дапаможа Азербайджан? Менск і Баку вядуць перамовы аб пастаўках нафты. Ці ўратуе беларускую нафтавую галіну імпарт з іншых краінаў?

Сокі, віно, сінтэтычныя тканіны. У апошнія гады экспарт Азербайджану ў Беларусь не перавышаў 40 млн долараў. Але цяпер ён можа значна ўзрасці. Азербайджан гатовы пастаўляць у Беларусь нафту. Праўда, якая цана гэтай нафты, і ці пагодзіцца на яе Менск – невядома.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Пакуль пра аб’ёмы і ўсё астатняе гаворкі весці я б не стаў. […] Усё ў стадыі перамоваў. Комплексная задача вырашаецца», – пракаментаваў прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка.

Беларусь амаль чвэрць стагоддзя атрымлівае расейскую нафту па ільготных цэнах. У мінулым годзе «Транснефть» прадавала яе па цане, на 17 % ніжэйшай за сусветную. Але з 1 студзеня імпарт спыніўся. З прапановаю пастаўляць нафту ўрад Беларусі звярнуўся да кіраўніцтва Латвіі, Польшчы, Казахстану і Азербайджану.

Нафту з Азербайджану Менск купляў 10 гадоў таму. Каб прывезці сыравіну ў Беларусь, яе спачатку трэба даставіць нафтаправодам на ўзбярэжжа Грузіі, затым танкерам – у Адэсу. А адтуль па чыгунцы або трубаправодам – на беларускія НПЗ.

Разглядаюцца і іншыя схемы, напрыклад, імпарт з Расеі нафты, якая належыць азербайджанскай кампаніі.

«SOCAR гандлюе не толькі азербайджанскаю нафтай, на нашым нафтаперапрацоўчым заводзе «Star» у Турцыі мы перапрацоўваем пераважна расейскую нафту. […] Усё залежыць ад канфігурацыі заводу, лагістыкі ды іншых фактараў, якія ўплываюць на канчатковую цану», – растлумачыў прадстаўнік прэс-службы кампаніі SOCAR Ібрагім Ахмедаў.

Сусветная цана плюс складаная лагістыка значна падвысяць выдаткі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. У мінулым годзе на продажы паліва, вырабленага з расейскай нафты, Менск зарабіў каля мільярда долараў. Ці не зробяцца НПЗ стратнымі?

«Калі нашыя беларускія НПЗ, якія працуюць столькі гадоў, не могуць працаваць з рэнтабельнасцю, якая прынятая ў Еўропе, то трэба іх проста прадаваць тым людзям, якія могуць гэта зрабіць. Я не бачу падставаў, каб яны не маглі гэтага рабіць», – перакананы эканаміст Яраслаў Раманчук.

Афіцыйная прычына скарачэння імпарту нафты: Менск і Масква не могуць дамовіцца пра цану транзіту і кампенсацыю за падатковы манеўр Крамля. Расейскія медыі агучваюць іншую версію: Масква патрабуе ад Менску падпісаць дарожныя мапы аб паглыбленні інтэграцыі.

«На працэс інтэграцыі быў выдаткаваны ўвесь мінулы год. І ў выніку аказалася, што ні мы, ні яны не гатовыя так інтэгравацца, каб знізіць цэны на нафту і газ», – пракаментавала палітычны аналітык Валерыя Касцюгова.

Дарожныя мапы прадугледжваюць уніфікацыю заканадаўства з Расеяй у трох дзясятках сфераў. Што важнейшае: захаваць суверэнітэт ці атрымліваць больш танную нафту? Вось што кажуць жыхары Берасця:

«Без бензіну мы яшчэ можам пражыць, а без незалежнасці – не. Гэта нематэрыяльнае!»

«Вы маеце на ўвазе ад Расеі? Вядома! Даўным-даўно трэба было сыходзіць! Цяпер бы ўсё стабілізавалася. Можа быць, як у Польшчы было б ці ў Прыбалтыцы. А то гніем у балоце гэтым!»

«Дома адчуваеш сябе лепш, чым у гасцях».

«Калі будзе суверэнітэт краіны, будзе і бензін, будзе і спакой!»

Пакуль Менск і Масква вядуць перамовы, Беларусь пастанавіла спыніць эксплуатацыю нафтаправоду «Дружба» для рамонту. У артэрыі, па якой ідзе 40 адсоткаў расейскага нафтавага экспарту ў Еўропу, знайшлі «вялікую колькасць дэфектаў». Да 17 студзеня прапампоўванне нафты ў кірунку Польшчы зніжанае ўдвая.

Аляксандар Папко belsat.eu