Менск прыгразіў Крамлю выхадам з Еўразійскага эканамічнага саюзу


Менск прыгразіў Крамлю «белэкзітам». Пра магчымасць выхаду Беларусі з Еўразійскага эканамічнага саюзу заявіў намеснік міністра фінансаў Беларусі. Што не задавальняе Менск, і наколькі сур’ёзныя яго пагрозы?

Беларусь будзе «жорстка» дамагацца кампенсацыі за страты, якія прынясе павышэнне коштаў нафты. «Падатковы манеўр», які ўжо праз месяц пачынае Расея, супярэчыць дамовам аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу – заявіў высокапастаўлены беларускі чыноўнік.

«Усе гэтыя дамоўленасці будуць дэзавуяваныя. Калі адзін бок лічыць магчымым адстойваць толькі свае інтарэсы, а іншыя павінныя з гэтым пагаджацца – так быць не мусіць. У адваротным выпадку мы вернемся да пытання мэтазгоднасці знаходжання Беларусі ў такім саюзе», – пракаментаваў намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец.

На працягу шасці гадоў Расея знізіць экспартнае мыта да нуля, але затое падыме кошт нафты на ўнутраным рынку да сусветнага. Гэта зробіць нафтавы гандаль больш празрыстым і дазволіць сабраць больш грошай у расейскі бюджэт. Але для Беларусі, якая таксама купляе нафту за ўнутрырасейскія кошты, падатковы манеўр стане велізарным ударам.

«Глабальныя страты парадку 10 мільярдаў долараў ЗША. З іх тры мільярды – гэта страчаныя прыбыткі бюджэту і шэсць мільярдаў – гэта страты ад пагаршэння эканамічнага стану нафтаперапрацоўчых заводаў», – кажа намеснік міністра фінансаў.

Як сцвярджае Менск, дарагая нафта пазбавіць прыбытку беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і паставіць беларускіх вытворцаў у няроўныя ўмовы з расейскімі, якім Масква кампенсуе скачок выдаткаў на энерганосьбіты. Беларускія ж прадпрыемствы пазбавяцца энергетычных ільготаў. Сёлета на кожнай тоне расейскай нафты Беларусь зэканоміла 129 долараў. У суме гэта дае больш за 2 мільярды 300 мільёнаў. Праўда, субсідыі ў выглядзе таннага газу і нафты Расея скарачае свайму саюзніку ўжо дзесяць гадоў запар. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары» тлумачыць:

«Беларуская эканамічная мадэль доўгі час грунтавалася на газавых зніжках. У сапраўдным выглядзе яна вельмі моцна залежыць ад зніжак на нафту. І на жаль, за гэтыя гады нічога не зроблена для дыверсіфікацыі структуры эканомікі».

Нават калі падатковы манеўр сапраўды будзе каштаваць Беларусі тры адсоткі ВУП штогод, Менск не выйдзе з саюзу з Расеяй – лічаць палітолагі.

«Я думаю, што гэта спроба шантажу, спроба аказаць ціск на Маскву, каб яна пайшла на саступкі ў вельмі важным пытанні, – пытанні кампенсацыі за падатковы манеўр», – разважае палітолаг Валер Карбалевіч.

Расея прапанавала сваю схему кампенсацыі. Яна хоча штогод перакладаць грошы наўпрост у беларускі бюджэт. Але гэтая схема зусім не задавальняе ўлады Беларусі. Наўпроставыя датацыі ствараюць Менску імідж нахлебніка і даюць Маскве магчымасць націснуць на ўлады Беларусі.

«Калі гэта будуць міжбюджэтныя трансферты, якія будуць пералічвацца Расеяй і, хутчэй за ўсё, часткамі, то, тэарэтычна, калі паводзіны Менску не спадабаюцца Маскве, яна ў любы момант можа гэтыя выплаты паставіць на паўзу», – дадае Вадзім Іосуб.

Беларусь жадае, каб кошты на нафту для яе заставаліся льготныя – гэта значыць ніжэй, чым у Расеі. Такой схемы могуць не зразумець расейскія грамадзяне. Акрамя таго, яна можа ператварыць Беларусь у прыбытковы, але не зусім легальны афшор. Кампраміс будзе знойдзены – упэўненыя эксперты. Але гэты кампраміс, як ужо не раз здаралася, можа даць пачатак новым «сяброўскім» канфліктам.

Аляксандр Папко, belsat.eu