Менск просіць грошай на барацьбу з эпідэміяй


У Беларусі працу людзей улады не спынілі, але эканоміцы і так патрэбная дапамога. Урад хоча ўзяць на Захадзе крэдытаў на салідную суму – для пераадольвання наступстваў сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Куды пойдуць грошы, разбіраўся Аляксандр Папко.

Два з паловаю мільярды долараў, або чатыры адсоткі ВУП, – крэдыты на такую суму Менск папрасіў у Сусветнага банку, Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і Міжнароднага валютнага фонду. 400 мільёнаў плануюць выдаткаваць на лекі ды медычнае абсталяванне, астатняе – на дапамогу эканоміцы.

«Заданне нумар адзін – захаваць працоўныя месцы, захаваць прадпрыемствы. Па вялікім рахунку, усе астатнія заданні на сёння другасныя», – заявіў у нядзелю віцэ-прэмʼер Дзмітрый Крутой.

Прадпрыемствы будуць ратаваць пры дапамозе крэдытаў на выплату заробкаў, падатковых ільготаў, адтэрміновак арэнднай платы і спісання даўгоў.

«Да 100-200 буйных прадпрыемстваў гэтыя грошы дойдуць, льготы яны атрымаюць. Льготы атрымаюць банкі. А вось тысячам людзей, занятым у малым і сярэднім бізнесе, чакаць няма чаго. Пра іх Лукашэнка ўжо яскрава выказаўся: чаго сядзіце – ідзіце ў сельскую гаспадарку!», – прагназуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Прымаць рашэнні наконт арэндных і падатковых ільготаў для фірмаў Аляксандр Лукашэнка дазволіў мясцовым уладам. Адпаведны ўказ ён падпісаў 24 красавіка. Падтрыманне з дзяржбюджэту Лукашэнка паабяцаў толькі буйным заводам.

«Можна прыгадаць указ, які датычыць шклозаводаў, цукровых заводаў. Гэта прадпрыемствы, якія ў адсутнасць віруса, у адсутнасць крызісу не маглі працаваць і былі стратныя. Навошта ім трэба дапамагаць у гэтай сітуацыі – не зразумела зусім», – каментуе старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Нават без увядзення каранціну эпідэмія COVID-19 ужо адбілася на нашай эканоміцы. Турагенцтвы, аўтаперавозчыкі, крамы нехарчовых тавараў, гатэлі, спартзалы, кавярні ды арганізатары імпрэзаў – попыт на паслугі малога бізнесу скараціўся ў разы. Сяргей Бандаровіч з Гомля працуе ў мінус – абы толькі захаваць свой калектыў.

«Можна было б на некаторы час вызваліць наймальніка ад выплатаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Можна было б зрабіць так, каб выплаты ў фонд, якія мы плацім на супрацоўнікаў, мы накіравалі непасрэдна ім – на тое, каб яны з гэтымі грашыма перасядзелі ў самаізаляцыі. Гэта была б крутая ідэя», – прапануе ўладальнік гомельскага пабу.

Заходнія грошы Менску патрэбныя, у тым ліку, і каб умацаваць сістэму сацыяльнай абароны. Дапамогу на беспрацоўе ўпершыню падымуць да ўзроўню пражыткавага мінімуму – з сённяшніх 22 долараў да ста. Гэтага ад Беларусі доўга дамагаўся Міжнародны валютны фонд. Падтрыманне беспрацоўным можа аказацца вельмі дарэчы. Беларусі МВФ прагназуе шасціадсоткавае падзенне эканомікі.

Аляксандр Папко, «Белсат»