Менск прапануе ЕЗ «паслухаць ката Леапольда»


Палепшыць адносіны з Захадам ды стварыць перамоўную пляцоўку. У Беларускай сталіцы ў чацвёрты раз праходзіць прадстаўнічая канферэнцыя «Менскі дыялог». Што прынясе збліжэнне з Захадам беларускім уладам і грамадзянам?

Вынікі санкцыйнай вайны паміж Расеяй і Захадам, адносіны з Кітаем, шляхі ўрэгулявання канфлікту ва Украіне – гэтыя тэмы абмяркоўваць у Менску 350 экспертаў з ЗША, краінаў Еўразвязу, Расеі.

«Наша задача – пасадзіць разам за адным сталом экспертаў з Еўразвязу. Расеі, Беларускіх экспертаў, калегаў з Кітаю і паспрабаваць абмеркаваць гэтыя пытанні без палітызацыі, без эмоцыяў», – кажа арганізатар «Менскага дыялогу» Дзяніс Мельянцоў.

Сярод удзельнікаў – генеральны сакратар АБСЕ, прадстаўнікі NATO і Рады Еўропы. Заўтра на форуме чакаецца выступ Аляксандра Лукашэнкі, сёння ж пазіцыю ўладаў прадстаўляў Міністр Замежных справаў.

«Мы невялікая дзяржава, і знаходзячыся на лініі разлому паміж еўразійскімі і еўрапейскімі інтэграцыйнымі працэсамі мы адчуваем тую канфрантацыю, якая сёння існуе ў нашым рэгіёне», – заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

«Менскі дыялог» – ініцыятыва недзяржаўная, але выдатна ўпісваецца ў дзяржаўную палітыку. У часы канфрантацыі Расеі з Захадам беларускія ўлады стараюцца прадставіць Беларусь як перамоўную пляцоўку, зручную для ўсіх.

Адна з мэтаў афіцыйнага Менску – поўная адмена тых нешматлікіх заходніх санкцыяў, якія застаюцца, напрыклад, на пастаўку зброі.

«Працуе кантраст з украінскім крызісам. Для Еўрапейскага звязу пытанні бяспекі і палітычнай стабільнасці становяцца ўсё больш актуальнымі. Таму я б казаў, што шанцы цалкам зняць еўрапейскія санкцыі большыя, чым санкцыі амерыканскія», – адзначае Дзяніс Мельянцоў.

Рэгулярныя візіты Уладзімера Макея ў Брусель і еўракамісараў у Менск перасталі здзіўляць. Эксперты заўважаюць і змякчэнне пазіцыі ЗША. Ад збліжэння з Захадам выйграе беларускае грамадства ці толькі ўлады?

«Чым лепш у Беларусі адносіны з Еўрапейскім звязам – тым больш прасторы ў Беларусі для грамадскіх арганізацыяў і тым больш магчымасцяў для розных групаў людзей адстойваць свае правы», – мяркуе арганізатар «Менскага дыялогу» Яўген Прэйгерман.

Тым часам апазіцыйныя палітыкі папярэджваюць заходнія ўрады, каб у працэсе збліжэння з Менскам не забыцца пра пытанні дэмакратыі. Беларускія правацэнтрысты размаўлялі пра гэта з кангрэсменамі ў Вашынгтоне.

«Пазіцыя Злучаных Штатаў і пазіцыя вядучых партыяў Еўрапейскага звязу застаецца заснаванай на прынцыповых падыходах, на каштоўнасным падыходзе», – упэўнены Віталь Рымашэўскі з БХД.

Для сапраўднага супрацоўніцтва Захад патрабуе зрабіць празрыстымі выбары, даць свабоду недзяржаўным арганізацыям і СМІ.

Ад адказаў на гэтыя заклікі беларускія ўлады ўхіляюцца – дакладна так сама, як ад адказу на пытанне, калі акрэдытуюць «Белсат».

Аляксандр Папко, «Белсат»