Менск – адна з самых танных сталіцаў свету?


Жыць у Менску – вельмі танна. Прынамсі гэтак цвердзіць чарговы міжнародны рэйтынг жыцця ў сталіцах свету. Але ці азначае гэта, што жыць у беларускай сталіцы лепш, чым, скажам, у Нью-Ёрку, Токіа ці Сінгапуры? І можа, увогуле беларусы дарма наракаюць на нізкія заробкі?

Чарговы рэйтынг, на які не ведаеш, як адразу і рэагаваць. Міжнароднае агенцтва «Мэрсэр» апублікавала кошты жыцця ў двухсот дзевяці сталіцах па ўсім свеце. На першым месцы апынуўся Гон-Конг, на другім – Токіа, затым Цюрых, Сінгапур, Сеул. А вось беларуская сталіца трапіла ажно на дзвесце другое месца. Танней, чым у Менску, жыць толькі ў сямі сталіцах, у тым ліку ў постсавецкіх Бішкеку, Ташкенце і Тбілісі. Што ж да нашых суседзяў, то там сталічнае жыццё даражэйшае ў разы.

За пункт адліку ў даследаванні ўзялі амерыканскі Нью-Ёрк, а за адзінку вымярэння – долар ЗША. Рэйтынг выкарыстоўваецца шмат якімі ўрадамі ды буйнымі кампаніямі для абароны сваіх работнікаў, якія працуюць у замежжы. Але наколькі ён карэктны насамрэч?

«Трэба ўлічваць пакупніцкую здольнасць насельніцтва. У нас заробкі ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі, скажам проста, нізкія. Мы ўжо каторы год стараемся выйсці на 500 долараў у эквіваленце. Ну і, адпаведна, невысокія зарплаты – параўнальна невысокія будуць і цэны»., – кажа прафесар эканомікі Барыс Жаліба.

Пры гэтым хай гамбургер, пара джынсаў ці паход у кіно ў Нью-Ёрку ці Берліне і каштуюць даражэй, чым у Менску, але набыць іх амерыканец з сярэднім заробкам пяць тысяч долараў ці немец з чатырма тысячамі еўраў могуць у сваіх сталіцах непараўнальна больш. Ну а ўжо ў Менску яны дык і пагатоў могуць пачувацца каралямі. А таму, раіць прафесар эканомікі Барыс Жаліба, варта звяртаць увагу на іншыя метады параўнання.

«Ёсць яшчэ такі падыход: ППЗ, парытэт пакупніцкай здольнасці. Тут ужо танныя краіны будуць падцягвацца за кошт нізкіх цэнаў. Відаць, наш рубель, паводле парытэту пакупніцкай здольнасці, будзе не два рублі за долар, а істотна менш – скажам, паўтара, а можа нават і рубель за долар», – мяркуе Жаліба.

Забараніць забараняць

Ну добра, хай рэйтынг і не падсалодзіць жыцця ўласна беларусам, але можа хоць на замежніках брэнд таннай сталіцы можа дапамагчы падзарабіць? Рэдактар парталу пра падарожжы «34travel» Антон Кашлікаў песімістычна разводзіць рукамі: нічога не атрымаецца – тут патрэбныя зусім іншыя захады. Найперш – адмена візаў, а таксама забарона для чыноўнікаў на… забароны.

«Калі б не адмянялі канцэрту, да прыкладу, «Die Antwoord» – гэта таксама падстава для прыезду ў Беларусь гасцей-турыстаў. Ведаю, што многія паедуць замест Менску ў Кіеў, Вільню, Варшаву ці некуды яшчэ. Таму кожны раз, забараняючы які-небудзь канцэрт, чыноўнік павінен разумець, што ён забірае грошы з бюджэту Беларусі», – кажа Антон Кашлікаў.

Што ж да ўнутрыбеларускіх рэйтынгаў, то, скажам, паводле вызначанага ўладамі спажывецкага кошыку Менск застаецца самым дарагім горадам для жыцця ў нашай краіне.

Валеры Руселік, «Белсат». Фота: PUBLIC GROUP