Менгарвыканкам забраў у людзей зямлю, бо Лукашэнка падпісаў «крывы» указ


Пра тое, што прыватны сектар па вуліцы Аэрадромнай у Менску патрапіў пад знос, Якаўлевы даведаліся яшчэ два гады таму. Аднак кампенсацыі за свой зямельны ўчастак дагэтуль не атрымалі. Цяпер сям’я вымушаная жыць у чаканні судовых прыставаў.

«Дзяржава зносіць наш дом, бесцырымонна выганяючы на вуліцу. І мы не проста не ведаем што рабіць, бо кампенсацыю мы нібыта атрымалі, а па законе, па 58-ым указе Прэзідэнта, нам належыць яшчэ дадаткова да тых правоў, якія мы рэалізавалі, зямля», – кажа Уладзімір Якаўлеў, уласнік дому № 37А па вул. Аэрадромная.

Грошы, адпаведныя кошту дому, уласніку выдаткавалі. Што да зямельнага надзелу – тут адразу ж паўсталі праблемы. У Менгарвыканкаме, куды звярнуўся Уладзіміру Якаўлеў, паведамілі: вольнага для кампенсацыі ўчастка ў Менскім раёне няма, аднак зямлю можна набыць у карыстанне праз аўкцыён. Спробы аспрэчыць рашэнне спачатку ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску, а пасля і ў Вярхоўным, – плёну не далі. Затое сямʼю пастанавілі выселіць.

«Мы ўсё ж разлічвалі на тое, што дзяржава разгледзіць усе законныя абставіны, і будзе прытрымлівацца закону, але на сёння дзяржава адстойвае свае інтарэсы», – кажа Святлана, жыхарка таго ж дому.

Пераязджаць Якаўлевым няма куды. За грошы ад кампенсацыі, вядома ж, яны маглі б набыць кватэру, аднак сямʼя планавала пабудаваць новы дом. Тым часам высяленне прыспешваюць і прадстаўнікі «Гардарбуду», якім неабходна распачынаць працы. Паводле інжынеру аддзелу падрыхтоўкі будаўніцтва і праектных прац прадпрыемства, тут запланаванае будаўніцтва транспартнай развязкі з падаўжэннем вуліцы Жукоўскага ад Аэрадромнай да Кіжэватага.

«Маёмасныя правы яго рэалізаваныя, з моманту рэалізацыі маёмасных правоў чалавек не мае права карыстацца і валодаць абʼектам і яго часткамі», – тлумачыць інжынер з дзяржпрадпрыемства «Гардарбуд» Наталля Кухарэвіч.

Паводле адмыслоўцаў, жыхары дому па вуліцы Аэрадромная патрапілі ў сітуацыю, калі паміж сабою канфліктуюць два ўказы прэзідэнта. Паводле першага, нумар 58, – кампенсацыя за зямельны ўчастак мусіць быць прадстаўленая. Паводле другога, 387-а, – у 50-кіламетровай зоне ад Менску ўчасткі без аўкцыёну прадстаўляць забаронена. На што ў такім выпадку можа разлічваць сям’я?

Гэткія ж праблемы з кампенсацыяй зямельных участкаў маюць і іншыя жыхары прыватнага сектара па вуліцы Аэрадромная. Што праўда некаторыя, хто абраў кампенсацыю за дом кватэраю ў Менску, ужо перасяліліся.

Сітуацыі, калі зямлю ў прэстыжных раёнах гораду забіраюць для перабудовы гораду, досыць распаўсюджаныя. Толькі ў сталіцы да 2030 году запланаваны знос каля пяці тысяч сядзібных дамоў. Сярод тых менчукоў, чые дамы ўжо падпадалі пад бульдозер, яшчэ ніводнаму не выдзелілі зямельны ўчастак у Менскім раёне.

Юлія Лабанава, «Белсат»