Менчукі змагаюцца з Памежным камітэтам супраць ушчыльнення ў цэнтры


Чарговае ўшчыльненне ў самым цэнтру Менску. Жыхары дамоў на вуліцы Карла Маркса ды Кірава аб’ядналіся ў супрацьстаянні з нечаканым суседам – Памежным камітэтам. Які запланаваў узвесці будынак папросту ў двары жылых дамоў. Жыхары разумеюць магутнасць апанента, а таму запрасілі «Белсат» асвятляць іхнае змаганне.

Сакрэты для Памежнага камітэту – норма да таго звыклая, што нават у сітуацыях, калі яны абавязаныя апавяшчаць жыхароў пра планы на ўшчыльненне, гэтага не робяць, чым парушаюць правы грамадзянаў ды ўказанні Лукашэнкі.

Што будуюць, дзе будуюць?

А будаваць Памежны камітэт сабраўся ў і без гэтага цесным двары чатырохпавярховы рэжымны аб’ект. Жыхары дамагліся арганізацыі сходу з удзелам прадстаўнікоў Памежнага камітэту, каб выказаць сваё абурэнне.

«Каб у двух мільённым горадзе не знайшлося месца для памежнага камітэту. Гэта нават смешна. Не ўшчыльняйце! Таму што калі пабудуюць гэты будынак, мы будзе жыць як у «Матросскай цішыні». Застанецца толькі неба. З усіх чатырох бакоў гэта будуць двары калодцы». Таму тут насельніцтва канешне і паднялася», – тлумачыць мясцовая жыхарка Таццяна Хаменка.

Абурыла тое, што пра навабуд даведаліся калі пачалі высякацца дрэвы

Выявілася, што ў 2013-ым годзе правялі грамадскае абмеркаванне праекту, але жыхары называюць яго незаконным і патрабуюць адмяніць.

«Ніхто з жыхароў нашых дамоў на гэтым грамадскім абмеркаванні не прысутнічаў, і ў выніку гэты праект – зацверджаны, мы пастаўлены перад фактам», – даводзіць жыхар дому Тадэвуш Стружэцкі.

Жыхары адзначаюць, што ўшчыльненнем чыноўнікі парушаюць іхныя правы, пагаршаюць умовы жыцця, змяняюць гістарычны цэнтр: усе будынкі кварталу ўлучаныя ў спіс гісторыка-культурніцкай спадчыны.

Мірыцца з сітуацыяй менчукі не збіраюцца.

«Ніхто нічога не захоўвае, таму мы будзем працягваць дабівацца, каб праект зусім адмянілі, ці зрабілі б усё так, каб не парушаліся правы нікога», – кажа Ларыса Стаднік, яшчэ адна незадаволеная жыхарка дому.

Прадстаўнікі Памежнага камітэту на сходзе ў дыскусію не ўступалі і толькі заявілі, што пытанні жыхароў пачутыя.

Вось толькі ці пойдуць падлучаныя інстанцыі на саступкі людзям, ці паводле звыклай схемы будуць адстойваць дзяржаўныя інтарэсы?

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»