Менчукі «ваююць» за паліклініку і прымушаюць архітэктараў перарабляць праекты




Праект дэталёвага планавання кварталаў вакол вуліцы Каліноўскага ў Менску – не новы. Актыўныя жыхары ўжо некалькі разоў прымушалі архітэктараў яго перарабіць. Але новая прэзентацыя зноў выклікала незадаволенасць.

Людміла Бяляева-Гундорына, ініцыятыўная група: «Мы пачатковы праект, які сабраў 6 тысячаў подпісаў і дайшоў да кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, адправілі на дапрацоўку. Галоўная прэтэнзія – тое, што замест зялёнай зоны ўздоўж вуліцы Каліноўскага планавалася тры кварталы шматпавярховікаў. У гэтым праекце нашыя заўвагі ўлічаны, кварталу няма».

Але пры гэтым застаецца шмат пытанняў. Яшчэ ў папярэднім варыянце жыхары патрабавалі запланаваць будаўніцтва новай паліклінікі.

Таццяна Бажок, мясцовая жыхарка: «Паліклініка перагружаная 19-ая, месцаў не стае, часам не выклікаць лекара на дом, бо лекары тэхнічна не спраўляюцца, іх мала на такі вялізны мікрараён. Да вузкіх адмыслоўцаў не запісацца».

Але горадабудаўнікі запланавалі толькі рэканструкцыю тых паліклінік, якія ёсць.

Адзін са стваральнікаў праекту: «Па паліклініках, апроч змяшчальнасці, ёсць паказнік «радыус дасяжнасці». Зыходзячы з умоваў вашага раёну, у вашым раёне няма неабходнасці размяшчаць новую паліклініку».

Раней горадабудаўнікі закладалі будаўніцтва трэцяга транспартавага кола праз Севастопальскі парк.

Людміла Бяляева-Гундорына, ініцыятыўная група: «А ў гэтым праекце, чамусьці з парушэннем раней прынятых канцэпцыяў, трэцяе транспартавае кола ідзе па Кедышкі і Каліноўскага, робячы на свайму шляху два крутыя павароты. Машыны будуць спачатку тармазіць на паваротах, а потым газаваць. Тым самым яшчэ болей павышаючы ўзровень загазаванасці».

Жыхары кажуць, што ўзровень забруджанасці паветра ўжо перавышае нормы.

Вуліца Каліноўскага мусіць ператварыцца ў праспект. Жыхары баяцца, што праз тое павялічыцца трафік.

Але архітэктары сцвярджаюць, што праблема развяжацца з увядзеннем у эксплуатацыю Астравецкай АЭС і развіццём электратранспарту.

Аляксандр Акеньцьеў, галоўны архітэктар УП «Менскграда»: «Калі вы кажаце аб загазаванасці, недахопах вадкасных рухавікоў, яны сыдуць у нас з электрарухавікамі, і паводле ўзроўню шуму, і паводле ўзроўню забруджвання.

Удзельнікі сходу: «Да 26 года ў наяўнасці ў краіне ведаеце колькі электрамабіляў? 30 тысячаў. На ўсю краіну. Гэта не на Менск. Пра што вы гаворыце? Апусціцеся на зямлю».

Таксама жыхары выступаюць супраць знішчэння зялёнай зоны побач з 38-ым домам на вуліцы Каліноўскага, на месцы якой плануецца будаўніцтва новага гандлёвага цэнтру з паркінгам. Іншыя заўвагі стваральнікі праекту папрасілі дасылаць пісьмова ў адміністрацыю Першамайскага раёну да 19 студзеня. Азнаёміцца з праектам можна ў холе адміністрацыі да 9 студзеня.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»