Менчукі супраць падземнага паркінгу і змовы чыноўнікаў


Жыхары сталічнага шматпавярховіка, што на Розы Люксембург, ужо колькі месяцаў цярпяць паразу ў справе незаконнага будаўніцтва падземнага паркінгу ля іхнага дому. Абышлі ўсе магчымыя інстанцыі, дайшлі нават да памочніка кіраўніка краіны – але безвынікова.

Жыхары вінавацяць у праблеме акцыянернае таварыства «Лект» і бачаць у гэтай сітуацыі змову высокапастаўленых чыноўнікаў.

«Адказаў няма! Але няма і забароны на прыпыненне будаўніцтва!»

Меліся спыніць будоўлю, а катлаван рыюць надалей. Павінныя былі будаваць двухпавярховы паркінг, мы ж маем чарцяжы, якія пацвярджаюць будаўніцтва трохузроўневай падземна-наземнай стаянкі.

А яшчэ ўзімку старшыня адміністрацыі Маскоўскага раёну абяцаў пачакаць да разгляду скаргі:

«Пакуль сустрэчы не будзе, будаваць не будуць!»

Пацверджанні незаконнасці будоўлі – дагэтуль на сталах у чыноўнікаў.

«Апошні адказ выканаўцы Яўсеевіча такі, што прынцыповага значэння, падземная ці падземна-надземная стаянка – няма. Што значыцца – няма? Калі зусім іншыя нормы?» – абураная жыхарка дому Надзея Фурманава.

«Падземныя паркінгі дазволеныя па нормах толькі двухузроўневыя. Міністэрства архітэктуры дало дазвол на трохузроўневы. Атрымоўваецца, яны перакваліфікавалі стаянку, каб было лягчэй прапусціць на зацвярджэнне», – гаворыць актывістка Тамара Спіжарная.

Паводле нормаў тэхнічнага кодэксу (ТКП), адлегласць між жылым домам з вокнамі да падземна-наземнага паркінгу мусіць быць не меншая за 20 метраў. Жыхары цвердзяць, што тут парушаныя экалагічныя і санітарныя нормы, а таксама нормы пажарнай бяспекі.

Сцены трохпавярховага падземнага паркінгу пачынаюцца за 6 метраў ад высокага жылога дому. Паркінг размесціцца на прыдамавой тэрыторыі. Пры неабходнасці сюды не зможа праехаць і пажарная машына.

Да таго ж, жыхары баяцца за сцены свайго дому, якія могуць не вытрымаць нагрузкі ды абрынуцца. Яны звярнуліся ва ўсе адказныя інстанцыі, уключна з Міністэрствам архітэктуры і горадабудаўніцтва і Галоўдзяржбудэкспертызаю, дайшлі нават да памочніка прэзідэнта, але марна.

«Што хочуць, то і робяць. Што дом стаіць – ім напляваць, што дом можа абрушыцца – таксама напляваць. Яны моўчкі проста робяць сваю справу чорную, і ўсё», – распавядае Васіль Волчак, жыхар.

Прадстаўнік генеральнага падрадніка нам патлумачыў, што спыніць тэхніку яны не могуць, нават калі будзе даказана, што праект з парушэннямі.

«Пакуль падставаў не будаваць у нас няма. У нас ёсць штрафныя санкцыі, да нас, да замоўніка, і мы вымушаныя будаваць паводле таго праекту, які ў нас ёсць», – кажа Дзмітрый Сайнук, генпадраднік, ААТ «Лэкстрой».

Скаргі жыхароў з розных інстанцыяў вяртаюцца ў Менгарвыканкам, уласна туды, дзе і зацвярджалася будаўніцтва. Замоўца – акцыянернае таварыства «Лект». Яго колішні кіраўнік – Аляксандр Селязнёў. Сёння ён – адзін з кіраўнікоў Галоўдзяржбудэкспертызы, якая дазваляе будаўніцтва. Актывіст Віктар Барташэвіч кажа пра змову чыноўнікаў і карупцыю ў будаўнічай сферы:

«Тыя, хто даваў дазволы, яны парушалі заканадаўства, і яны ведалі, што парушалі заканадаўства. А тыя, хто зараз правярае, яны бачаць, што парушаліся законы, нарматывы, і яны мусяць прадпрымаць нейкія дзеянні. І яны або баяцца, або ў долі».

Але не баяцца жыхары дому на Розы Люксембург – адстойваць свае правы. Цяпер яны збіраюцца звярнуцца адразу і ў КДБ, і ў Вярхоўны Суд Беларусі, каб там разабраліся: чаму растуць углыб паркоўкі ў парушэнне будаўнічых нормаў.

Таццяна Уласенка, belsat.eu