Аб'ектыў 14.09.2019 Менчукі распавялі, чаго зычаць гораду ў ягоны Дзень нараджэння


Сёлета акрамя гулянняў у цэнтры ўлады гораду вырашылі правесці больш лакальных святаў у кожным раёне Менску. Творчыя і спартовыя святы двара, дарослыя і дзіцячыя спаборніцтвы, музычныя і літаратурныя праграмы – гэта ўсё чакала тых, хто паленаваўся выбрацца ў цэнтр.

Тэмаю свята заявілі лозунг «Менск – горад для ўсіх, горад для кожнага». Мы запыталіся ў менчукоў, ці ёсць глыбокі сэнс у гэтых словах – і вось, што яны адказалі:

«Горад для таго, каб нам было лепш жыць. Свята для таго, каб усе людзі былі разам, былі аб’яднаныя. Нашая Беларусь – гэта мы».

«Тут збіраюцца ўсе людзі, адпачываюць, радуюцца, падтрымліваюць адзін аднаго, аб’ядноўваюцца ў некаторай ступені».

«Людзі ў нас вельмі добрыя, вельмі харошыя, заўсёды ўсім радыя. Заўсёды гатовыя ўсіх прыняць».

У цэнтры ж разгарнуліся святкаванні большага маштабу. Гэта культурніцка-спартовыя імпрэзы каля Палацу спорту да закрыцця мотасезону «H.O.G. Rally Minsk 2019», міжнародны праект «Менск інтэрнацыянальны» на плошчы Свабоды, спаборніцтвы МНС, у паркавай зоне на праспекце Пераможцаў 14 і 15 верасня запланавалі фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Менск старажытны», а таксама шмат песняў, музыкі, танцаў і неад’емны, ужо застрашлівы, феерверк.

Відэарэпартаж глядзіце ў поўным выданні навінаў за 14 верасня

Што ж наведнікі гэтых імпрэзаў могуць пажадаць Менску ў яго 952 гады?

«Я б хацела пажадаць, каб ён квітнеў, квітнеў і квітнеў. Быў яшчэ лепей, яшчэ прыгажэй».

«Далей таксама квітнець, развівацца».

«Менску я б пажадаў добрых сяброў, якія б кожны год прыязджалі ў госці і радавалі яго жыхароў».

«Чыстага неба, сонечнага надвор’я, настрою, кахання і шчасця ўсім, кожнаму».

З цікавага ж запланаванага на заўтра мы б параілі наведаць «Wargaming Fest: Дзень танкіста», які чамусьці ўлучылі ў асноўны спіс святкавання Дня гораду, хай сабе ён і ладзіцца асобна ад дзяржаўных гулянняў.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары