Менчукі распавядаюць, як ператрываць спёку


Фантаны ў гэтыя дні – ці не самае ўлюбёнае месца адпачынку гараджанаў і асабліва дзяцей. Але і ў спёку людзі не толькі адпачываюць, але мусяць працаваць ды працягваць звыклы лад жыцця.

Найніжэйшая тэмпература ўначы – 13 градусаў цяпла, найвышэйшая ўдзень – 31 градус: у такіх межах тэмпература вагаецца гэтымі днямі. У выходныя і далей чакаюць да 34 градусаў цяпла. Як людзі перажываюць спёку, цікавімся ў менскіх мінакоў:

«Цяжка, стараюся не выходзіць на вуліцу, вадзічку п’ю. Канечне, такая спёка – гэта дрэнна, трэба, каб дожджык прайшоў».

«Стараемся з 12:00 да 16:00 не гуляць на вуліцы, гэта толькі сёння вось нам давялося выходзіць. А так у нас халодныя напоі, дзесьці цянёк, вось неяк так».

«Ратуемся ад спёкі на лецішчы – там для нас усё ёсць: лес ёсць і купацца дзе таксама – возера ёсць».

У асаблівую групу рызыкі ў гэтыя дні трапляюць дзеці, людзі сталага веку, а таксама хворыя на сэрцава-судзінную сістэму. Але медыкі заклікаюць усіх: не піць алкаголю, не есці цяжкой ежы, хавацца ў ценю.

«Я раю не выходзіць на сонца ў самыя спякотныя гадзіны – гэта з 11:00 да 16:00. Калі ж неабходна выходзіць, то лепш апранацца ў адзенне з лёгкіх тканінаў, як лён і бавоўна, і капелюшы. З сабой таксама трэба браць бутэлечку вады», – кажа фельчарка Людміла Яненка.

Але і ў спякотныя дні людзі мусяць працаваць, у тым ліку на вуліцы ды на адкрытым сонцы: кіроўцы грамадскага транспарту, будаўнікі, дарожныя працаўнікі ці дворнікі – таксама ў групе рызыкі.

«Дзе вадзічкі пап’ём, дзе пасядзім – усё звычайна. Мы неяк ужо прывыклі: што снег, што зіма, што сонца – неяк ужо ўсё роўна».

«У кабіне ўсё нараспашку – горача вельмі. Калі б кандыцыянер паставілі, было б добра. Замежнікі добра прыдумалі, а нашыя – не», – распавядаюць працаўнікі на вуліцах Менску.

Паводле нормаў Міністэрства аховы здароўя, кожны градус вышэй за +28 скарачае працоўны дзень на гадзіну. Тое датычыць гэтак званых офісных прафесіяў. Занятыя цяжкаю фізічнаю работай мусяць працаваць на 3-5 гадзінаў менш пры тэмпературы + 29 градусаў. Але на практыцы такія нормы – хутчэй, рэдкасць, кажуць у прафсаюзе.

«Не ўсюды прафсаюзы ёсць, як у прыватных прадпрымальнікаў, таму працаўнік можа сам звярнуцца ў санітарна-эпідэміялагічную службу і паведаміць, што на іх прадпрыемстве тэмпературны рэжым перавышае дапушчальныя нормы», – гаворыць Ігар Комлік, прадстаўнік прафсаюзу РЭП па Менску і Менскай вобласці.

Акрамя гэтага, пакуль айчынны гідраметцэнтр не паабяцае спаду спякоты, Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцаў быць асцярожнымі на дарогах і не перавышаць хуткаснага рэжыму.

Галіна Абакунчык, belsat.eu