Менчукі пра тэлебачанне: «Лічу, што расейскія тэлеканалы праўдзівыя...»


На ўласнай тэрыторыі беларуская дзяржава саступае Расеі сферу ўплыву. Беларуская Асацыяцыя Журналістаў падлічыла, што палову тэлеперадач афіцыйнага пакету напаўняюць расейскія перадачы. Чаму так адбываецца і якое бачанне рэчаіснасці навязвае Крэмль.

Украіна з расейскімі прапагандыстамі змагаецца ўжо пяты год. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка:

«24 украінскіх маракі знаходзяцца ў нас незаконна ў турме. Вы абавязаныя папрасіць у іх прабачэння і неадкладна выпусціць, бо вы агрэсар, парушальнік міжнароднага права і вы з вашым лідарам – забойцы ўкраінцаў».

У афіцыйным тэлепакеце Украіны не пабачыш расейскіх тэлеканалаў. Кіеў тлумачыць – ідзе гібрыдная вайна, таму няма гаворкі пра парушэнне свабоды слова. У Беларусі ж – вяшчае Масква.

«Калі ў Керчанскай затоцы адбыліся нейкія падзеі, ясна што гэта трэба разумець так, як кажуць расейскія прамоўцы. Вось вам расейскія спікеры», – гаворыць журналіст і культурны аналітык Максім Жбанкоў.

Калі ў Парыжы распачаліся пратэсты «жоўтых камізэлек», гэтыя спікеры праводзілі паралель з Кіеўскім Майданам, маўляў, паглядзіце да чаго вядуць рэвалюцыі! Нават за спрэчкаю Лукашэнкі і Пуціна ў пытаннях «падатковага манеўру» беларусы назіралі з Маскоўскае тэлевежы.

«Нармалёва гляжу, нармальна стаўлюся да таго, што бачу».

«Ну як праўдзівыя? Яны распавядаюць свой пункт гледжання на падзеі, якія адбываюцца ў свеце».

«Лічу, што расейскія тэлеканалы праўдзівыя. Не можа ж быць, каб тэлебачанне і ўсе гэтыя навіны былі хлуслівыя», – кажуць жыхары Менску.

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў (БАЖ) прааналізавала кантэнт зацверджанага нашым Урадам агульнарэспубліканскага пакету. Старшыня БАЖу Андрэй Бастунец распавядае:

«Высветлілася, што калі 50% праграмаў перадач гэтых тэлеканалаў – расейскай вытворчасці. А калі аналізаваць паводле часу на антэне, то працэнт значна большы».

Адмыслоўцы БАЖу маніторылі 8 з дзевяці тэлеканалаў, апроч спартовага «Беларусь-5». Дзяржава ставіла задачу давесці да 30 % колькасць айчыннай медыйнай прадукцыі на радыё і тэлеканалах. Чырвоным пазначаныя «НТВ-Беларусь» і «Мір», якія захрасае расейская прадукцыя. Але і ў эфіры пазначанага зялёным «Беларусь-1», у прайм-тайм (19.00 – 24.00) са 105-ці гадзінаў 71-у займалі расейскія серыялы.

«Зараз трэба ўгледзецца ў заканадаўства аб парушэннях у СМІ і паглядзець, ці магчымае прыцягненне да адказнасці асобаў, якія мусяць пільнаваць выкананне заканадаўства на дзяржаўных тэлеканалах. І магчыма дзяржава гэта ўсё ж такі зробіць», – тлумачыць Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ.

Прапаганда і нават фэйкавыя навіны трапляюць у фінансаваныя з бюджэту айчынныя СМІ. Расейскі след назіраем ва ўсіх глабальных тэмах.

«І фактычна адсутнічаюць важкія, самастойныя, самадастатковыя беларускія эксперты, якіх увогуле нябачна. Тое самае з экспертамі замежнымі, маю на ўвазе еўрапейскіх. Іх таксама фактычна няма», – кажа журналіст Максім Жбанкоў.

Заходнія медыі маюць праблемы з акрэдытацыяй у Беларусі, а для журналістаў з Расеі Аляксандр Лукашэнка штогод ладзіць шматгадзінныя канферэнцыі… Верыць, што мае ўплыў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu