Аб'ектыў 19.09.2018 Менчукі пра сваё стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні»


19 верасня 91-га года вершнік Пагоні з’явіўся на дзяржаўных установах і ў дакументах, а бел-чырвона-белы сцяг залунаў над Беларуссю. Аляксандр Лукашэнка неўзабаве вярнуў крыху пераробленыя савецкія сімвалы. Але прыбраць нацыянальнае з сэрцаў беларусаў не атрымалася, нягледзячы на перашкоды і пераслед цягам ужо двух дзесяцігоддзяў.

«Гэтага не пераадолець, гэта не пераадолець – мы адной крыві!»

Мора бел-чырвона-белых сцягоў і Пагоняў у сталіцы. Гэта сакавіцкі канцэрт да Дня Волі ды стагоддзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Такія падзеі паказваюць, што сімвалы – жывыя і патрэбныя. Жыхары Менску дзеляцца:

«Проста гэта сапраўдныя сімвалы, а не абы-што, што ёсць зараз».

«Напэўна, там гісторыі ўсё ж больш у іх, чым у чырвоным рэвалюцыйным».

«Хацелася б, каб вярнулася не толькі Пагоня, але і нават, вось вы размаўляеце па-беларуску, і вельмі прыемна гэта чуць, таму можа і беларуская мова, каб людзі адчувалі, што гэта наша роднае, і ганарыліся гэтым».

У 1991 годзе беларусы развітваліся з БССР пад нацыянальнымі сцягамі. А 19 верасня, дваццаць сем гадоў таму, беларускі Вярхоўны Савет змяніў назву БССР на Рэспубліка Беларусь, дзяржаўнымі сімваламі сталі Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг.

«Нацыянальная сімволіка Беларусі ўзнікла не з пустога месца. Герб «Пагоня» уваходзіць у дзясятку найстаражытнейшых гербаў Еўропы» – тлумачыць грамадзкі дзеяч і гісторык Алег Трусаў.

Аднак у траўні 95-га, нягледзячы на пратэсты апазіцыі, Лукашэнка зыніцыяваў рэферэндум, паводле якога месца дзяржаўных занялі крыху змененыя савецкія сімвалы. А Беларусь распачала актыўны рух у бок расейскай інтэграцыі ды залежнасці. Нацыянальныя сімвалы ў такім кантэксце зрабіліся адзнакаю апазіцыйнасці і варожасці для дзейных уладаў. Ніна Багінская, грамадская актывістка:

«Я не падпарадкуюся гэтай уладзе, якая ганьбіць нашую мову і нашу культуру. Я чым магу – магу пашыць сцяг, яны забіраюць часта, штрафуюць. Але я ізноў шыю, выходжу і на штрафы ўжо не звяртаю ўвагі».

Спадарыня Ніна Багінская вядомая як маленькая жанчына з вялікім бел-чырвона-белым сцягам. Нягледзячы на затрыманні, суды, штрафы, апісаную маёмасць, яна там, дзе нацыянальныя вартасці топча дзяржава. Цяпер актыўна пратэстуе каля рэстарану на костках у Курапатах. Ніна Багінская распавядае:

«Гэта галоўныя атрыбуты дзяржаўнасці, сапраўднае незалежнасці. А таму народ павінен кіравацца менавіта сваімі, беларускімі сімваламі, а не навязанымі нам пэўнымі таталітарнымі сістэмамі – што пры Савецкім Саюзе, што нават зараз. Бо і зараз з Савецкага Саюзу перакінулася прэзідэнцкая, дыктатарская, таталітарная сістэма».

Герб Пагоня, які сягае сваёй гісторыяй у 13-е стагоддзе, а сцяг – у часы Вітаўта Вялікага, не сталі вартасцю для сённяшняй дзяржавы і маюць патрэбу ў абароне. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» збірае подпісы за нацыянальны сцяг. Заява беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў:

«Гэта ганьба, калі за бел-чырвона-белы сцяг міліцыя працягвае затрымліваць людзей. Мы выступаем за тое, каб і бел-чырвона-белы сцяг мог выкарыстоўвацца вольна таксама, як і дзяржаўны сцяг, любым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Пара спыніць нікому не патрэбнае супрацьстаянне з нагоды нацыянальнай сімволікі».

БХД разам з дэпутаткамі Ганнаю Канапацкай і Аленай Анісім падалі ў парламент законапраект аб ахове сцяга. Раней 10 тысяч подпісаў за наданне сцягу гісторыка-культурнай каштоўнасці перадаў у Міністэрства культуры Зміцер Дашкевіч. Герб Пагоня такі статус мае, хаця пераслед і за яго не спыняецца. Дзяржава бароніцца як можа, але нацыянальнае жыве ў сэрцах беларусаў. Жыхары Менску каментуюць:

«Гэта наша гісторыя. Чаму мы на яе павінны забывацца?»

«Чырвона-зялёны сцяг – гэта не наш, гэта тое, што прыдумалі».

«З вяртаннем гэтых сімвалаў вярнулася б больш свабоды і ўпэўненасці грамадзянаў».

«Я хачу, каб яны вярнуліся, чырвона-белы сцяг, каб гэта быў сімвал адраджэння нашае Беларусі».

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Фота: Lukasz Dejnarowicz / FORUM

Глядзі таксама
Каментары