Менчукі пра крывавы салют: «Яны будуць шукаць «стрэлачніка». І зноў нас падмануць»


Людзі прыйшлі паглядзець на парад і салют, а трапілі ў шпіталь. 9 чалавек былі параненыя падчас святкавання Дня Незалежнасці. Ад аскепкаў загінула жанчына, развітанне з ёй адбудзецца ў суботу. Снарады феерверкаў выбухнулі на зямлі ў трох з пяці месцаў, адкуль стралялі ў паветра адмысловыя ўстаноўкі – так тлумачыць сітуацыю Міністэрства абароны. Вайскоўцы і Следчы камітэт кажуць пра няякасныя боепрыпасы з Расеі калібру 195 мм.

Выбух у першыя хвіліны феерверкаў. Праз хвіліну – другі, а следам трэці. Мянчук Мікалай апынуўся сярод тых, каго зачапіла аскепкам:

«Раздаўся вельмі моцны выбух. Настолькі моцны, што людзі, якія стаялі вакол, пачалі охаць, ахаць, прыкрываць раты, падаставалі ўсе тэлефоны і пачалі здымаць. Падняўся даволі высокі слуп дыму, гэткага шчыльнага, што ў пэўны момант не было відаць асноўных зарадаў салюту ў небе».

Адную з 10 пацярпелых, 64-гадовую жанчыну, уратаваць не ўдалося. Пецярым аказалі медычную дапамогу на месцы, трое звярнуліся ў шпіталі і двое засталіся ў стацыянары.

Леанід Спаткай, вайсковы эксперт:

«Раненні атрымалі аскепкамі труб установак. Калі запальваецца парахавы зарад, ён выштурхвае сілай свайго выбуху гэтыя феерверкі наверх. Калі ёсць праблема з гэтым зарадам: або ён вельмі туга сядзіць у ствале, або заклінаваў – то адбываецца выбух».

Адбываецца выбух… Вось устаноўка і пускавыя трубы. А гэтак выглядаў момант падрыву. Чырвоным на мапе пазначаныя месцы выбухаў, а таксама ахоўная паўкіламетровая зона вакол установак, за якую нельга было дапускаць людзей. Загінулая знаходзілася ўнутры гэтага кальца, калі палічыць метраж на мапе. Аднак Следчы камітэт сцвярджае, што ўсе пашкоджанні грамадзяне атрымалі за межамі пазначанага перыметру.

Іван Наскевіч, Следчы камітэт Беларусі:

«У якасці асноўнай вылучаная версія аб тым, што феерверкавыя вырабы вытворчасці Расейскай Федэрацыі апынуліся няякаснымі. Трэба сказаць, што выпадак выключны. Раней такіх сітуацыяў у нас не фіксавалася».

Але ж сітуацыі мелі месца – кажуць відавочцы. Aliaksandr Bakhankou піша ў Фэйсбуку:

«9 мая аналогичный разрыв на земле был у салютных установок, расположенных в районе цирка. Там тоже сразу залпы прекратились, а в остальных местах ещё долго всё стреляло. Без жертв, тихо замяли».

Рыхтуючыся да Дню Незалежнасці, які ўлада лічыць галоўным святам краіны, заяўлялася пра выкарыстанне новай піратэхнікі. Але пакінулі старую.

У небяспецы апынуліся не толькі людзі з вуліцы. Ударнай хваляю выбіла шыбы ў спарткомплексе Дынама, а таксама ў некалькіх жылых дамах. «Белсат» наведаў дамы нумар 2 і 4 па вуліцы Чарвякова.

«Прыехалі з МНС і міліцыі, зафіксавалі… Таму што ведаюць: каб не было рэзанансу, трэба напраўляць. Зрабілі ўсё як мае быць, вельмі хутка».

«Ад ЖЭС ужо працуюць спецыялісты, абмералі ўсё, выконваюць працу аператыўна».

«Мяне больш за ўсё турбуе, што чалавек загінуў і што будуць шукаць «стрэлачніка». І зноў нас падмануць», – распавядаюць жыхары вуліцы Чарвякова ў Менску.

Мінабароны Беларусі адвяло ад сябе адказнасць праз заяву, што абслугоўвалі ўстаноўкі прафесіяналы. Самыя вайскоўцы не пацярпелі.

Дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая адзначае, што пасля такога надзвычайнага здарэння…

«Шэраг чыноўнікаў павінныя былі ўжо сёння пакласці на стол заявы аб звальненні, таму што гэта іхная недапрацоўка, перш за ўсё».

Дэпутатка таксама раіць дзяржаве больш сціпла святкаваць 3 ліпеня:

«У мінулым годзе мы святкавалі 100-годдзе БНР – вось гэта свята незалежнасці. Але яго ўсё роўна трэба святкаваць не парадам, а інакш. І лепш грошы, якія трацім на парады, аддаць ветэранам, якіх засталося не так шмат».

Па справе выбуху феерверкаў пад канец дня затрымалі двух падазраваных. Паводле следчых, гэта мужчыны (28 і 25 гадоў) – прадстаўнікі пастаўляльніка піратэхнікі, якія прыехалі ў Беларусь дзеля тэхнічнай дапамогі пры салюце. Іх падазраюць у парушэнні парадку працы пры ладаванні ўстановак.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Hавiны
«Адыходзім назад!» Відэа выбухаў 3 ліпеня ў Менску
2019.07.04 11:57
Hавiны
Раненні, смерць, пашкоджаныя будынкі. Што вядома пра выбухі ў Менску
2019.07.04 13:52