Менчукі пра Еўрагульні: «Вы паглядзіце, гэта ўсё стратнае!»


Еўрапейскія гульні – імпрэза для ўсёй краіны. Таму і фінансаваць спартовую падзею года давядзецца, відаць, кожнаму. Гэтак, прыватныя кампаніі ў добраахвотна-прымусовым парадку падпісваюцца на спонсарства і бясплатную дапамогу ў арганізацыі.

Спонсарскае падтрыманне па-беларуску. З прыватнага бізнесу прыцягнуць 8 мільёнаў рублёў для правядзення Другіх Еўрапейскіх гульняў у Менску. Гэткім краўдфандынгам зоймуцца Менскі і абласны выканкамы па даручэнні Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Сяргей Южык, «Прессбол»:

«Такое можа адбывацца толькі тады, калі грошай не стае. Вы ж бачыце, што яшчэ заранёў было аб’яўлена, што для Еўрапейскіх гульняў не знайшлося міжнародных спонсараў. Бо спонсар, які хоць трохі паважае сябе, хоча хоць нейкую аддачу. А тут зарабіць на іх не ўдасца, гэта суцэльныя выдаткі».

Спонсарамі гульняў выступаюць буйныя кампаніі кшталту «Беларусбанку», «Крыніцы» ды «Промня». Аднак, як паскардзіўся ў сваім профілі ў «Інстаграме» прадпрымальнік Максім Сядура, вядзецца праца і з невялікімі фірмамі. Маўляў, кампаніі, што працуюць у цэнтры сталіцы, абавязалі тэрмінова і за ўласны кошт добраўпарадкаваць свае абʼекты да спартовае імпрэзы.

Яўгенія Нікіціна, дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў:

«Арганізацыя такой імпрэзы патрабуе фінансавых выдаткаў на рыхтаванне і спартовай, і гарадской інфраструктураў. Безумоўна, нагрузка на бюджэт дзяржавы мусіць быць максімальна зніжаная, таму мы вядзём працу для прыцягнення партнёраў і спонсараў».

Ад правядзення Другіх Еўрапейскіх гульняў у свой час адмовіліся Нідэрланды. Там пастанавілі, што не пацягнуць такой каштоўнай імпрэзы. Нашыя ўлады такой праблемы не бачаць і гатовыя выдаць на гульні больш за 100 мільёнаў долараў. Ці ўсе ахвочыя падзяліцца сваймі падаткамі?

«Больш можна было б зрабіць, каб у нас былі большыя заробкі, каб мы самі маглі на такія мерапрыемствы часцей ездзіць».

«Вы паглядзіце, гэта ўсё стратнае! Гэты рамонт дарог нікому не патрэбны! Там, дзе дарогі павінныя быць, іх не робяць. Там, дзе яны нармальныя, іх перарабляюць».

«Ёсць шмат іншых нашмат больш карысных рэчаў, на якія можна выдаткаваць грошы, акрамя таго, як вырабляцца перад іншымі краінамі».

«Канечне, ненармальна! І ўвогуле, гэтая краіна вусатая мне не падабалася ніколі ў жыцці!» – распавядаюць жыхары Менску.

З другога боку, спартовыя імпрэзы наагул рэч не танная, дый гэта вялікі бізнес, на якім зарабляюць не толькі арганізатары. Гэта і турысты для краіны-гаспадыні, і мільённыя тэлевізійныя кантракты, і стварэнне доўгатэрміновай інфраструктуры. Праўда, усё гэта не пра нас, мяркуе журналіст «Прессбола» Сяргей Южык:

«Самі Еўрапейскія гульні – вельмі ўціснуты фармат, цікавых падзеяў мала, гульнявых відаў спорту няма, таму зарабляць практычна няма на чым. Самы вялікі плюс – гэта продаж тэлеправоў. Нам іх таксама, наколькі я разумею, дорага прадаць не ўдалося. Нават чэмпіянат свету па хакеі, які быў больш знакаваю падзеяй, у нас не акупіўся».

На гэтую крытыку ўжо загадзя, адразу пасля пастановы ладзіць гульні ў нас, адказаў кіраўнік Беларусі. Маўляў, усё адно трэба было будаваць і дарогі, і гатэлі, і дамы.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu