Менчукі пра беларускія помнікі: «Леніных шмат, а сваіх мы не памятаем»


Бязлікіх савецкіх помнікаў у Беларусі проста безліч. Часам складаецца ўражанне, што да савецкага часу на гэтай зямлі не адбывалася амаль нічога. Але ж чырвоная зорка – не адзіная наша гісторыя. З прапановай абвесціць усе помнікі жаўнерам, якія загінулі ў барацьбе супраць нацызму, сусветным мемарыялам выступіла старшыня Савету федэрацыі Федэральнага сходу Расеі Валянціна Матвіенка. Ініцыятыву маюць накіраваць у Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў.

Валянціна Матвіенка, старшыня Савету федэрацыі Федэральнага сходу Расеі:

«Хочацца сказаць словы ўдзячнасці беларускаму народу за тое, што яны гэтак беражліва, свята захоўваюць памяць пра ваяроў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Вы паглядзіце, што адбываецца, – спрабуюць перапісаць гісторыю гэтай вайны, зносяцца помнікі воінам, якія паклалі свае жыцці за вызваленне Еўропы».

У шэрагу еўрапейскіх краінаў савецкіх салдатаў не заўсёды лічаць вызваляльнікамі. Улады ж Расеі прытрымліваюцца жорсткай рыторыкі ў дачыненні дэмантажу і пераносу помнікаў савецкім жаўнерам у Эстоніі, Літве, Латвіі, Польшчы ды іншых краінах, заяўляючы пра няўдзячнасць еўрапейцаў расейцам за «вызваленне ад нацызму». Гісторык Ігар Мельнікаў, які займаецца перыядам Другой сусветнай вайны, не згодны з такім падыходам.

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук:

«Гэта не справа Расеі ўмешвацца ў палітыку Варшавы, Прагі, Браціславы – як ставіцца да гэтых помнікаў насамрэч. Яны не знішчаюць могілкі. Яны пераносяць гэтыя пахаванні, робяць гэта на могілках, упарадкоўваюць гэтыя пахаванні. Тут, на постсавецкай прасторы, Украіна мае сваё права, як ставіцца да гэтых помнікаў».

Калі ж казаць пра Беларусь, то дзяржава падтрымлівае савецкія манументы ў належным стане і праводзіць вакол іх разнастайныя ўрачыстасці. Затое з помнікамі дзеячам іншых перыядаў гісторыі ўсё далёка не так аптымістычна. У краіне няма помнікаў ні Каліноўскаму, ні большасці вялікіх князёў літоўскіх. А помнік Касцюшку на ягонай радзіме быў усталяваны выключна дзякуючы ініцыятыве і грошам грамадзянаў.

Жыхары Менску:

«Краіна ў нас постсавецкая. І ў нас у людзей у галовах яшчэ гэтае савецкае мысленне».

«Нашую гістарычную памяць трэба больш выносіць на людзі. І не толькі памяць пра часы СССР, але і пра тое, што было раней».

«Леніных шмат, а сваіх мы не памятаем».

«Я б савецкую эпоху пакінуў так, як яна ёсць, а нацыянальным героям помнікі б распрацаваў і ўзнавіў».

«І Клара Цэткін, і Карл Маркс – хай бы яны былі ў сябе на радзіме, а ў нас хапала б сваіх герояў нацыянальных».

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што цяпер Расея выкарыстоўвае савецкія помнікі як адзін з элементаў у прапагандзе канцэпту «русского мира»: «народ-пераможца не можа памыляцца». Расея практычна манапалізавала савецкую спадчыну, сцвярджаючы, што «савецкі» і «расейскі» – ідэнтычныя паняцці.

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук:

«Гэта больш становіцца барацьбою за палітыку, за свае геапалітычныя цікавасці ды інтарэсы. Не цікавіць гісторыя жаўнераў, якія змагаліся супраць нацызму. А цікавіць, як прасунуць інтарэсы маскоўскія, крамлёўскія туды – на Кіеў, на Беларусь, на краіны Усходняй Еўропы, якія цяпер з’яўляюцца членамі Еўрасаюзу. І гістарычныя факты становяцца ідэалагічнай зброяй».

І як паказвае гісторыя, за зброяй ідэалагічнай часам ідзе выкарыстанне і зброі рэальнай: прыклад гэтаму – сітуацыя ў Малдове, Грузіі ды Украіне.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu