Рэдактар «Informnapalm»: У 2017-м беларусы будуць вырашаць, што рабіць з суверэнітэтам Беларусі

Заявіў, што незалежнасці Беларусі быць не можа, а беларуская мова і наагул – прыдуманая бальшавікамі 90 гадоў таму – аднак прычынаў для скандалу ўсё адно не бачыць. Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў Леанід Рашэтнікаў выкліканаму ягонымі словамі скандалу здзіўляецца: падумаеш, сказаў ды сказаў!

ЛЕАНІД РАШЭТНІКАЎ, ДЫРЭКТАР РІСД, ГЕНЕРАЛ-ЛЕЙТЭНАНТ:

«Гэта гістарычная частка вялікай Расеі!».

Акрамя пратэсту беларускага Міністэрства замежных справаў на словы Рашэтнікава са здзіўленнем адрэагавала і расейскае МЗС. Што б адказалі беларусафобу простыя беларусы, «Белсат» запытаўся ў людзей на вуліцах Менску.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Такому чалавеку я прапанаваў бы да лекара звярнуцца, вось і ўсё. Гэта хвароба ўжо, шавінізм завецца».

«Хай прыязджае да нас і ўсё паглядзіць уласнымі вачыма!».

«Ніхто не павінен гэтак гаварыць. Гэта няправільна. Мы самастойная дзяржава, у нас цудоўная нацыянальная мова – і гэты чалавек папросту не мае рацыі».

«Яму трэба было б прыехаць у Беларусь, пазнаёміцца з культурай гэтай краіны і гісторыяй».

«Ён зусім не ведае гісторыі! Хай вучыць!».

«Калі я адному свайму таварышу з Масквы распавядаў гісторыю Беларусі, ён, нават не разумеючы, чым ён мяне абразіў, сказаў такую рэч: «Ну вы ж, беларусы, нашыя браты малодшыя!»

Між тым за словамі адстаўнога генерал-лейтэнанта, які кіруе ўстановай, наўпрост звязанай з расейскімі спецслужбамі ды адміністрацыяй Уладзіміра Пуціна, крамлёўскія вежы заўважныя няўзброеным вокам, адзначае дырэктар расейскіх даследаванняў Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Юрый Царык. Фактычна, гэта меркаванне цэлай групы кіроўных элітаў РФ.

ЮРЫЙ ЦАРЫК, ЦЭНТР СТРАТЭГІЧНЫХ І ЗАМЕЖНАПАЛІТЫЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ:

«Гэтую групу называюць па-рознаму: адныя – імперцамі, іншыя – белагвардзейцамі, хтосьці – яшчэ неяк. Але факт тое, што менавіта гэтая група, і РІСД у тым ліку, адыгралі сурʼёзную ролю ў раздзіманні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны».

Пра падабенства да ўкраінскага сцэнару цвердзіць і Дзяніс Івашын, які ачольвае беларускую службу ініцыятывы InformNapalm, створанай дзеля супрацьстаяння расейскай агрэсіі, найперш у інфармацыйным полі. Паводле Івашына, цяпер крамлёўская прапаганда ўзяла курс на эскалацыю і без таго абвостраных стасункаў паміж афіцыйным Менскам ды Крамлём.

ДЗЯНІС ІВАШЫН, РЭДАКТАР БЕЛАРУСКАЙ СЛУЖБЫ INFORMNAPALM:

«Я больш чым упэўнены, што ў наступным, 2017-м годзе мы ўсе станем сведкамі катарсісу гэтых дачыненняў, калі пытанне незалежнасці і суверэнітэту нашае краіны будзе стаяць у павестцы дня. І гэта будзе галоўнае, што мы ўсе будзем павінныя вырашаць».

Усе – то бок і простыя грамадзяне, і сілавікі, і чыноўнікі.

ДЗЯНІС ІВАШЫН:

«Толькі дзякуючы выключна кансалідаванай пазіцыі як грамадства, гэтак і ўлады магчыма спыніць праявы гэтага «рускага міру» і запабегчы мажліваму вайсковаму супрацьстаянню з Расейскай Федэрацыяй».

Зрэшты, не варта пакідаць беларусаў сам-насам у супрацьстаянні з «русскім миром» і краінам Захаду, папярэджвае палітолаг Юрый Царык: межаў крамлёўскі шавінізм і агрэсія не ведаюць.

ЮРЫЙ ЦАРЫК, ЦЭНТР СТРАТЭГІЧНЫХ І ПАЛІТЫЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ:

«Па меры нармалізацыі стасункаў паміж Беларуссю і Захадам, скарачаецца фінансаванне з боку Захаду некаторых элементаў грамадзянскай супольнасці і палітычных структур. І, канешне ж, на гэтае месца могуць прыйсці і расейскія грошы. Балазе і мяжа ў нас адкрытая, і перасоўванне гэткіх грошай не ўяўляе аніякае складанасці».

Абы не было вайны, гавораць беларусы. Каб жа яе не было, папросту адседжвацца ў хаце з краю ўжо не дастаткова.

Фота: newsbalt.ru

Глядзі таксама