Менчукі і жыхары Менскай вобласці адзіныя, хто атрымалі ў студзені «па пяццот»


Сярэдні заробак у беларусаў у студзені абваліўся на 120 рублёў. Пра гэта сведчаць дадзеныя, апублікаваныя сёння Беларускім статыстычным камітэтам. Але студзеньскія заробкі, як правіла, заўжды меншыя за снежаньскія. Гэта звязана з прэміямі і трынаццатымі заробкамі перад Новым годам.

Самы высокі заробак – традыцыйна тут, у Менску. Толькі сярэднестатыстычны жыхар сталіцы ды Менскай вобласці можа сказаць, што атрымаў у студзені запаветныя пяцьсот долараў. Але гэта без выплаты падаткаў.

Заробкі ў большасці вобласцях у студзені не даходзілі да тысячы. Найніжэйшы – у Магілёўскай вобласці. Тут у сярэднім працаўнікі атрымалі па 920 рублёў. А ці адчулі менчукі падзенне заробкаў? Сталічныя мінакі:

«Цэны растуць, а рэальныя заробкі не растуць».

«Паменшыліся, у медычных працаўнікоў змяніліся параметры выплаты, і абяцалі больш, але насамрэч менш».

«Пакуль я не звярнула ўвагі, ці штосьці зменшылася ці павялічылася, у мяне заробак застаўся на тым жа ўзроўні, і мяне ён задавальняе».

«У нас усё вельмі вырасла, усё падаражэла. І тыя заробкі, якія засталіся, яны ж у нас не выраслі, і пенсіі. Індэксуюцца вядома, але не настолькі».

Паводле прагнозу Даследчага цэнтру ІПМ, тэмпы росту заробку сёлета знізяцца. Калі летась заработныя платы раслі з хуткасцю 12 адсоткаў, то сёлета эканамісты прагназуюць рост амаль удвая меншы. Прычына ў запавольванні эканомікі.

«Напрыклад, тое, што спыніцца «Белшына» праз тое, што няма збыту «БелАЗаў». Натуральна, гэтыя ланцугі, якія звязваюць прадпрыемствы, таксама даюць мінусы і ў заробках, і ў эканоміцы ўсёй краіны», – кажа Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Паводле прагнозаў, сёлета рост ВУП упершыню за апошнія тры гады складзе менш за адзін адсотак.

Наста Кахановіч, «Белсат»