Менчукі хочуць зняць с пасадаў кіраўнікоў адміністрацыі і дамагаюцца рэферэндуму


Такую мэту паставілі перад сабою жыхары Першамайскага раёну сталіцы. Менчукі аб’ядналіся, каб абараніць раён ад ушчыльненняў, і распавялі пра свае планы на супольнай прэс-канферэнцыі.

«Апроч паркінгаў праектуецца жылы дом, цэнтр адпачынку і дзіцячы садок».

Ганна Кавалёва, прадстаўніца ініцыятыўнай групы жыхароў, прэзентавала найбольш гарачы пункт ушчыльнення – квартал паміж вуліцамі Коласа, Калініна, Чорнага і Сурганава:

«Паліклінікі перагружаныя, дзіцячая і дарослая, школы і садкі перагружаныя, і будова новага дому яшчэ пагоршыць сітуацыю. Не спраўляюцца камунікацыі, вуліца Калініна не спраўляецца з плынямі дажджу, азеляненне ніжэйшае за норму».

Найбольш наракаюць жыхары раёну на грамадскія абмеркаванні праектаў забудовы: на паседжанні не пускаюць прадстаўнікоў грамадскасці ды медыяў. Прадстаўнік ініцыятыўнай групы Валер Языкоў кажа:

«Мелі месца шэраг парушэнняў заканадаўства аб грамадскім абмеркаванні, ёсць рэчы, што, на наш погляд, парушаюць закон аб будаўніцтве, санітарныя палажэнні. Мы гэтую інфармацыю абагульнілі і скіравалі ў пракуратуру».

Апроч звароту ў пракуратуру, актывісты ствараюць электронную петыцыю за адстаўку кіраўніка адміністрацыі раёну Ігара Кудрэвіча ды ягонага намесніка Васіля Касаўца.

«Дзеянні ці бяздзеянне чыноўнікаў прывялі да таго, што жыхары раёну змушаныя падаваць у суд, бо тыя не здолелі ўрэгуляваць прэтэнзіяў да адміністрацыі ў рамках заканадаўства», – дадае Валер Языкоў.

Станоўчы досвед жыхароў іншага праблемнага кварталу ў раёне (забудовы вакол «Беларусьфільму», дзе планавалі надбудаваць мансарды) паказвае: суды дапамагаюць атрымаць нефармальныя адказы на запыты.

«Гэта добрая магчымасць прыадчыніць грыф «Толькі для службовага карыстання»: усе мелі права гэта ведаць. У нас былі подпісы за надбудову людзей, якія памерлі, якія там не жылі, то бок шмат фальсіфікацыяў, якія адкрыліся ў працэсе суда», – каментуе жыхарка Першамайскага раёну Наталля Ермаловіч.

Яшчэ адна супольная ініцыятыва, пра якую абвесцілі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, – арганізацыя мясцовага рэферэндуму з двума пытаннямі.

Юрый Губарэвіч, Рух «За Свабоду», жыхар Першамайскага раёну:

«Першае: ці згодныя вы, каб на тэрыторыі Першамайскага раёну выконвалася распараджэнне А. Лукашэнкі аб спыненні ўшчыльнення забудовы? Другое: ці згодныя вы, каб на тэрыторыі Першамайскага раёну выконвалася распараджэнне А. Лукашэнкі аб спыненні вырубкі зялёных насаджэнняў?»

Каб ініцыяваць рэферэндум, трэба сабраць прыблізна 16 тысяч подпісаў жыхароў раёну. Ініцыятыўная група лічыць гэта магчымым.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu