Аб'ектыў 26.06.2018 Менчукі адстойваюць могілкі з больш як стогадоваю гісторыяй


На самых старых могілках у Менску – Вайсковых – пачалася рэканструкцыя. Пашкоджаныя ды закінутыя надмагіллі пастанавілі замяніць на новыя аднолькавыя падгалоўнікі. Толькі вось вызначаюць, якія помнікі трэба знесці, а якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць, звычайныя камунальнікі з балгаркаю ў руках.

Спадарыня Марыя паказвае месца пахавання сваіх бацькоў. Яшчэ на апошняй Радаўніцы тут была дыхтоўная агароджа. Убачыўшы паведамленні аб працах на могілках у СМІ, жанчына ледзь уратавала рэшткі пахаванняў. Інакш было вось так – паводле «тыпавога праекту надгалоўнікаў».

«Можа некаторыя не разумеюць, што для менчукоў, даваенных, Малая Радзіма ў Менску. І хтосьці, невядома хто, староннія людзі прыйшлі, і вырашылі як мае выглядаць магіла маіх продкаў», – кажа Марыя, сваячка пахаваных на Вайсковых могілках.

Усё пачалося з магілы заслужанага прафесара медыцыны БССР Максіма Выдрына. Тут відаць след ад балгаркі, якая мелася знішчыць стогадовую агароджу. Гісторыкі забілі трывогу, на могілкі пачалі прыходзіць неабыякавыя. Спадарыня Алена жыве праз дарогу ад могілак, цяпер яна самая парадкуе магілу доктара, каб гэтага не рабіў Спецкамбінат.

«Я ўяўляю гэтыя могілкі як высокія дрэвы, магілы людзей якія, штосьці для дзяржавы зрабілі, таму хацелася б, каб памяць засталася», – кажа жыхарка Менску Алена.

І для гэтага валанцёры размяшчаюць на каштоўных магілах такія налепкі. З другога боку – Спецкамбінат, арганізацыя, якая займаецца праектам добраўпарадкавання, робіць такія пазнакі фарбаю, як на магіле магчымых сваякоў Марата Казея. Гэта значыць, аб’ект прызналі закінутым, і яго належыць «добраўпарадкаваць». З 8-мі тысяч магілаў такіх, паводле ўладаў, амаль 4 тысячы.

«Вось тут вось такі крыж, мы яго выкапалі і ўсталявалі наноў, няхай цяпер гэтым крыжом займаюцца нашыя гісторыкі», – кажа Сяргей Тур са спецкамбінату КБА.

Камунальнікі ж сцвярджаюць, што зносяць толькі выбарачныя помнікі, якія відавочна занядбаныя ці сваякі пахаваных просяць замяніць старыя помнікі на гэтак званыя надгалоўнікі.

«Калі помнік добры, не трухлявы, не пагражае бяспецы, не паваліцца праз месяц ці год – ніхто яго чапаць не будзе, і ён будзе далей стаяць», – кажа Сяргей Тур.

Лагічна, вось толькі прымаць пастанову наконт такога помніку мае не работнік з балгаркай у руках, а прынамсі гісторык і прадстаўнікі Міністэрства культуры. Вайсковыя могілкі – гэта гістарычна-культурніцкая каштоўнасць 3-яй катэгорыі.

«Сам факт, тыя парушэнні, якія цяпер адбываюцца, нават калі ў Мінкульце яны былі зацверджаныя. Усё роўна гэта сведчыць пра непрафесійнасць працаў на месцы», – кажа сакратар назіральнай камісіі ў ахове помнікаў Павел Каралёў.

Але міністэрства пакуль маўчыць, спасылаючыся на тое, што мае даследаваць усе заўвагі гісторыкаў. А таму лёс Вайсковых могілак вызначаецца… уласна на могілках.

Па выніках трохдзённых баталіяў на Вайсковых могілках бакі прыйшлі да міравога пагаднення. Спецкамбінат дае валанцёрам час да верасня, каб упарадкаваць каштоўныя (на думку гісторыкаў) магілы. Але гэта адзінкі, дзясяткі ўжо і так замененыя на карысць тыпавых «надгалоўнікаў».

Алесь Залеўскі belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары