Мэй сказала Пуціну, што думае пра атручванне Скрыпаля


28 чэрвеня 2019 года. Тэрыза Мэй і Уладзімір Пуцін паціскаюць рукі падчас сустрэчы на саміце Вялікай дваццаткі ў японскім горадзе Осака. Фота – Forum / Russian Look

Лондан мае неабвержныя доказы датычнасці Крамля да атручвання ў Солзбэры. Пра гэта Тэрыса Мэй заявіла Ўладзіміру Пуціну падчас перамоваў на саміце Вялікай дваццаткі ў Японіі. Брытанская прэм‘ер-міністр таксама заклікала расейскага прэзідэнта вызваліць палонных украінскіх маракоў.

Падчас агульных сустрэчаў кіраўнікоў дзяржаваў 19 найбуйнейшых эканомік свету і краінаў Еўразвязу адбыліся і двухбаковыя перамовы. У тым ліку сустрэча Трампа і Пуціна, якую расейскія СМІ традыцыйна падаюць як гістарычна важную. Сам Пуцін традыцыйна спазніўся.

«Мы даўно не бачыліся, з часоў сустрэчы ў Хельсінкі», – прыгадаў Пуцін Трампу

Матэрыял Яраслава Сцешыка пра першы з двух дзён саміту «Вялікай дваццаткі» ў Осака глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 чэрвеня

Доналд Трамп прамовіў дзяжурныя фразы пра неабходнасць абмеркаваць пытанні гандлю, пратэкцыянізму і – трохі – раззбраення. Пытанні журналістаў аб умяшанні Расеі ў амерыканскія выбары кіраўнік ЗША перавёў у жарты з Пуціным.

«Не ўмешвайцеся ў нашыя выбары. Не ўмешвайцеся ў нашыя выбары», – гразіў пальцам Трамп Пуціну.

Як заявілі па выніках паўтарагадзінных перамоваў прадстаўнікі Масквы і Вашынгтону, апроч міжнароднага парадку дня з улікам Ірану, Сірыі, Венесуэлы і Украіны, бакі абмеркавалі пытанні стратэгічнай стабільнасці і кантролю над узбраеннямі 21-га стагоддзя.

Сённяшнія сустрэчы сусветных лідараў з Уладзімірам Пуціным трохі адрозніваліся ад аўстралійскага байкоту 2014 года, калі стол у Брысбане побач з кіраўніком Крамля быў пустым.

Аднак пратакольная ветлівасць не значыць, што Маскве прабачылі і анексію Крыму, і гібрыдную агрэсію ў Данецкай і Луганскай вобласцях Украіны.

Нармалізацыя стасункаў Расеі і Вялікай Брытаніі немагчымая, пакуль Масква не спыніць агрэсіўнай палітыкі і не перастане ствараць пагрозы міжнароднай бяспецы. Пра гэта Пуціну заявіла сёння Тэрыса Мэй. Кіраўніца Вялікай Брытаніі прыгадала кіраўніку Расеі і ўжыванне баявых атрутных рэчываў на брытанскай тэрыторыі, і новыя бамбаванні Ідлібу ў Сірыі, і кампанію дэзынфармацыі ды кібератакаў.

Лідары наймацнейшых эканомік свету абмяркоўвалі, вядома, не толькі Расею.

«Мы абмяркуем і міжнародныя стасункі, асабліва тое, што адбываецца ў Заходняй Афрыцы. Паразмаўляем і пра контр-тэрарызм, і, вядома, пра Іран», – пераказала змест размоваў з Трампам Ангела Мэркель.

Але галоўнаю тэмаю саміту была і застаецца эканоміка. Прэзідэнт ЗША перадусім рыхтуецца да заўтрашніх перамоваў з Сі Цзінь Пінам. Для Трампа прыярытэтам застаюцца двухбаковыя гандлёвыя ўмовы для стымулявання айчыннай гаспадаркі і абарона амерыканскага вытворцы.

«У нас была вельмі паспяховая сустрэча з прэм’ерам Японіі Сіндзо Абэ, і мы збіраемся абвесціць пра некаторыя буйныя гандлёвыя пагадненні і ўмовы. Шмат заводаў, аўтамабільных заводаў пераязджаюць у ЗША», – намякаў Трамп кіраўніку Індыі.

Частка краінаў «Вялікай дваццаткі» занепакоеная рызыкамі, звязанымі з гандлёвым супрацьстаяннем ЗША і Кітаю. Таксама важным пытаннем саміту застаецца рэформа Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»