Мегамітынгу ўладаў не будзе


Мегамітынгу на падтрыманне Лукашэнкі не будзе. Пра гэта ўлады заявілі за два дні да нядзельнай маніфестацыі. Што ці хто прымусіў Лукашэнку скасаваць мерапрыемства?

Сцэну, якую будавалі ля Музею Вялікай айчыннай вайны, ужо разабралі. Мітынг «на падтрыманне міру, дабра і росквіту Беларусі», куды меліся прывезці людзей з усёй краіны, адменены.

«Сабраць шмат людзей на мітынг не атрымаецца. А калі сабраць мала, то ён будзе выглядаць ганебна – асабліва на іншы мітынг, які збіраюць праціўнікі рэжыму, збярэцца больш», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Афіцыйная прычына – эпідэмія COVID-19. Лукашэнка заявіў, што ў Менск жадалі прыехаць да трохсот тысяч асобаў. Другою прычынаю для адмены мітынгу Лукашэнка назваў «трывожную інфармацыю» ад спецслужбаў.

«Мы не запэўнім бяспекі людзей. Вось што галоўнае. Мы ўжо атрымліваем гэтую інфармацыю. Гэта мяне насцярожвае. Я не баюся, але мяне насцярожвае. Адзін выбух недзе ў натоўпе – і людзі пачнуць ціснуць, як на Нямізе», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Ад ідэі правесці мітынг Лукашэнка адмовіўся на наступны дзень пасля сустрэчы з дырэктарам расейскай выведкі Сяргеем Нарышкіным. Як развязаць беларускі крызіс, у той самы дзень чарговы раз заявіў кіраўнік Расеі.

«Можа быць, гэтыя рашэнні ляжаць на шляху прыняцця паправак у дзейную Канстытуцыю або прыняцця новай Канстытуцыі. Прэзідэнт Лукашэнка пра гэта сказаў публічна. Можна сказаць: цяпер ён там што-небудзь напіша сабе на карысць, і ўсё гэта нічога не мае агульнага з дэмакратыяй. Але вы ведаеце: усё ж можна неяк абылгаць», – абараняў Лукашэнку Уладзімір Пуцін.

Крэмль жадае, каб Лукашэнка супакоіў пратэсты размовамі пра Канстытуцыю, а затым перайшоў да «паглыблення інтэграцыі» – мяркуе палітолаг Андрэй Елісееў.

«Крэмль задаволены гэтаю абгорткаю, калі вядуцца нейкія чыста імітацыйныя дыскусіі, якія ў сапраўднасці не ўцягваюць ніякія шырокія колы грамадства, прафесіяналаў канстытуцыйнага права, грамадскія аб’яднанні і найбольш папулярныя палітычныя сілы», – зазначае эксперт даследчых цэнтраў «EAST CENTER» і «ISANS» Андрэй Елісееў.

Дыялог з найбольш папулярным палітыкам – Святланаю Ціханоўскаю – Лукашэнка так і не пачаў, не зважаючы на пратэсты, якія трываюць амаль тры месяцы.

«Толькі масавы пратэст, толькі масавы супраціў можа прымусіць улады пайсці на перамовы. Ніякіх іншых варыянтаў, я думаю, няма», – лічыць Валер Карбалевіч.

Як прымусіць Аляксандра Лукашэнку сесці за стол перамоваў?

«Спачатку трэба Ціханоўскай сказаць, каб яна супакоілася, народ не бударажыла!»

«А яго трэба пасадзіць за стол перамоваў? Я б яго ў іншае месца пасадзіў!»

«Калі будзе ціск звонку, калі Еўропа, Расея, паўплываюць на яго, будуць пагражаць санкцыямі, то будзе толк!»

«Паглядзім, што будзе пасля 25-га, у панядзелак: людзі выйдуць ці не выйдуць», – дзеляцца сваімі меркаваннямі жыхары Віцебску.

26-га кастрычніка, у панядзелак, мінае тэрмін ультыматуму, які выставіла Лукашэнку Святлана Ціханоўская.

«26 кастрычніка – нацыянальная забастоўка! Спынім усё, каб паказаць: нас – не спыніць!» – заклікала яна.

А 25-га кастрычніка Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў чарговы раз выйсці на вуліцы з патрабаваннем спыніць беззаконне сілавікоў, вызваліць палітвязняў і правесці новыя выбары.

Аляксандр Папко, «Белсат»