Медыкі Паставаў кажуць пра хуткі рост выпадкаў каронавіруса


Блізкі сваяк Таццяны памёр некалькі тыдняў таму ў шпіталі. У яго быў пацверджаны каронавірус.

«У пасведчанні пра смерць напісаная сэрцавая няздатнасць. Але хавалі ў закрытай труне і дадому труну не вазілі», – расказвае Таццяна.

Пра тое, што ў Паставах на мінулым тыдні памерлі за дзень 2 чалавекі з пацверджаным ковідам, на ўмовах ананімнасці нам распавёў мясцовы доктар. Афіцыйная ж статыстыка Міністэрства аховы здароўя кажа, што па ўсёй краіне за дзень у сярэднім паміраюць 7 чалавек. Доктар дакладнаю статыстыкаю не валодае: кажа, яна даступная толькі высокаму кіраўніцтву.

«Паводле колькасці… Штодня каля 20 чалавек паступаюць. Тое, што спускаюць нам звыш, усякія загады і нават абследаванне тых жа кантактаў першага ўзроўню і самых хворых, што гэта ўсё забараняецца… Гэта не толькі ў Паставах такая праблема, гэта праблема Міністэрства аховы здароўя», – дзеліцца лекар.

Цяпер у Паставах лекуюць хворых на ковід-19 не толькі ў інфекцыйным аддзяленні, але яшчэ і ў гнойнай хірургіі, наркалогіі, неўралогіі і тэрапіі. Па нашых назіраннях, дактары маюць праблемы са сродкамі аховы.

«Момант, які мяне ўразіў, калі я здавала тэст… Гэта быў тэст на антыцелы, кроў з жылы. Жанчына, якая брала кроў, была без пальчатак, без маскі», – расказвае Валерыя Скрабец, якая хварэла на Cоvid-19.

Учора Валерыя выйшла з каранціну. Некалькі дзён з сімптомамі хваробы яна вымушаная была хадзіць на працу: не ставала тэстаў, каб пацвердзіць дыягназ.

«Платна здаць ты не можаш, бо тэсты скончыліся, а бясплатна кірунак я даць таксама не магу, бо ў цябе няма пнеўманіі. З моманту, як я адчула сябе дрэнна і наведала доктара, да моманту пакуль здала тэст, прайшло прыкладна 12 дзён», – кажа Валерыя.

Праблему з дыягностыкаю каронавіруса пацвярджае і сваячка памерлага. Тэсты зрабілі не ўсім кантактам.

«Сына і дачку пасадзілі на ізаляцыю. Жонку ягоную таксама пасадзілі на самаізаляцыю, але тэст у яе не ўзялі», – расказвае Таццяна.

Мы паспрабавалі запісацца на платны экспрэс-тэст. Найбліжэйшы час – праз чатыры дні. Рэнтгенолаг мясцовай паліклінікі Алена кажа, што вынікі тэстаў не заўсёды выклікаюць давер.

«Тэсты робяць, наколькі яны інфарматыўныя, не скажу, бо я ведаю, што нейкія слабастаноўчыя ёсць», – лічыць доктарка.

Паводле яе, другая хваля значна адрозніваецца ад першай, а такі высокі ўзровень захворвання можна звязаць з адсутнасцю своечасовых і сур’ёзных захадаў для кантролю за распаўсюдам інфекцыі.

«Другая хваля горшая. Людзей больш, першая хваля была хвалепадобная, больш павольна на нас наступала, а гэтая неяк імкліва раптам пайшоў рост захворвання. З сярэдзіны кастрычніка або з канца нават неяк яно пайшло», – кажа Алена.

Але масачны рэжым у Беларусі пачалі ўводзіць 5 лістапада, а ў Паставах нашэнне маскі стала абавязковым толькі 11-га лістапада.

Алена Дубовік, «Белсат»