Медык: «Нараджальнасць павысіць толькі эканамічная бяспека сям'і»


Рашэнне адмаўляць у абортах у Гарадзенскім перынатальным цэнтры з’явілася ў межах праекту «Клініка без спаронаў» у мясцовым перынатальным цэнтры.

Каментуе Святлана Разіна, Гарадзенскі абласны перынатальны цэнтр:

«Жыхаркі Гарадзенскай вобласці нараджаюць першае дзіця ў сярэднім у 27–28 гадоў. Так, і ўстаноўкі цяпер іншыя. Дэмаграфічная яміна і змяншэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага веку таксама ўплываюць на ўзровень нараджальнасці. Таму спецыялісты на розных узроўнях намагаюцца развязаць гэтую праблему».

Удзельнік круглага стала «За нараджэнне», падчас якога і прынялі рашэнне забараніць спароны прынамсі ў адной клініцы, айцец Сяргей Цвірка не лічыць, што забароны вырашаць праблему.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Тут патрабуецца вельмі сурʼёзная падрыхтоўчая праца. Гэтага нельга зрабіць раптам і адразу, бо ўвогуле аборт, з майго гледзішча, вельмі часта ёсць наступствам нейкага безадказнага стаўлення да свайго здароўя», – тлумачыць айцец Сяргей Цвірка, праваслаўны святар.

Згодна з Белстатам, нараджальнасць у Беларусі сапраўды зніжаецца. Але ж спаронаў становіцца таксама менш. Ці важна для жанчын Беларусі мець магчымасць зрабіць спарон?

«Я лічу, што розныя сітуацыі бываюць. У кожнай жанчыны свой выбар, сваё права».

«Жанчына мае права вырашаць сама, але лепш за ўсё пакінуць дзіця».

«Калі ты не можаш зрабіць аборт, то лічы, што за цябе нехта нешта вырашае», – дзеляцца жыхаркі Магілёва.

Між іншага, у панядзелак міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч анансавала новую ідэю паляпшэння нараджальнасці. Гаворка пра павелічэнне матэрыяльнай дапамогі на дзяцей, якія народзяцца не пазней як праз 3–4 гады пасля папярэдняга дзіцяці ў сям’і.

Распавядае Марыя Акулава, Цэнтр эканамічных даследванняў «BEROC»:

«Дадзеная мера малаверагодна што прывядзе да росту нараджальнасці, таму што ўжо нават практыка апошніх год паказвае, што выключна фінансавыя меры стымулявання выклікаюць рост нараджальнасці ў сялян. Пры гэтым у горадзе гэта не працуе».

Што ж можа стаць сапраўды дзейсным спосабам для развязання праблемы?

«Канешне, у некаторай ступені нараджальнасць будзе падвышана, але насамрэч нараджальнасць павысіць толькі эканамічная бяспека цяжарнай жанчыны, эканамічная бяспека сямʼі», – лічыць медык Уладзімір Пруднікаў.

Так, дагэтуль тры гады адпачынку, якія атрымлівае жанчына пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці, не ўлічваюцца ў ейным страхавым стажы. Тым часам гарадзенкі не змогуць перарваць цяжарнасць толькі ў згаданым цэнтры. У іншых установах права на выбар застаецца.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu