Медыі абвесцілі аб прыняцці на ўзбраенне расейскіх шасі на базе «Платформы-О»


На іх будуць усталяваныя ракетныя комплексы «Топаль-М» і «Ярс», якія могуць несці ядравыя зарады. Шасі распрацаваныя КАМАЗам і вырабленыя на заводзе «Рэмдызель». Паводле крыніцы ТАСС, у межах першай партыі ва ўзброеныя сілы Расеі трапяць пяць машын.

Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік:

«Вось гэтыя шасі «Платформа-О», праз тое, што пабудаваныя на электрычным прывадзе, непрыдатныя для выкарыстання ў баявых умовах. Варта разарвацца нават на вышыні 100 кіламетраў атамнай бомбе, будзе выпрацаваны электрамагнітны імпульс, які выведзе з ладу гэтае шасі, і ракеты застануцца нерухомыя. І любая высокадакладная зброя знішчыць гэтыя цягачы і гэтыя ракеты».

У той жа момант расейскія эксперты, чыноўнікі ды медыі называюць «Платформу-О» заменай шасі Менскага заводу колавых цягачоў, на якіх цяпер размяшчаецца амаль усё расейскае ракетнае ўзбраенне. Паводле медыяў, Расея плануе цалкам замясціць шасі вытворчасці МЗКЦ цягам 10 найбліжэйшых гадоў.

Андрэй Ягораў, Цэнтр Еўрапейскай трансфармацыі:

«Вялікай неабходнасці замяшчаць беларускую вытворчасць у Расеі няма, бо яна выконвае свае абавязкі ды няма прэтэнзіяў да тэхнічнага боку таго, што вырабляецца ў Беларусі. Але гэта складнік такой палітычнай гульні, дзе Расея спрабуе націснуць на Беларусь. І не толькі з МЗКЦ, але і з іншымі вытворчасцямі».

Гэтак, паводле прадстаўнікоў Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі, існавала неафіцыйная дамова паміж беларускімі і расейскімі абароннымі прадпрыемствамі – расейцы не будуць спрабаваць выцесніць са свайго рынку прадукцыю ВПК Беларусі. Але на практыцы гэтыя дамоўленасці не выконваюцца.

Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік:

«Якая мэта? З аднаго боку, выратаваць тых, хто распіліў гэтыя грошы – 300 мільёнаў долараў было выдаткавана з 2007 года на распрацоўку «Платформы-О» і дасюль няма выніку. І, па-другое, паспрабаваць пры дапамозе інфармацыйнага ціску прымусіць Беларусь прадаць Менскі завод колавых цягачоў».

Пакупка МЗКЦ ужо даўно абмяркоўвалася расейцамі, гучалі нават канкрэтныя прапановы ўладам Беларусі. Сёлета ж у студзені завод наведаў і амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч. Аднак Лукашэнка адмовіўся прадаваць адзін з флагманаў айчыннай абаронкі менш чым за 3 мільярды долараў.

Андрэй Ягораў, Цэнтр Еўрапейскай трансфармацыі:

«Беларусь лепш будзе шукаць іншыя магчымасці інтэнсіфікацыі вытворчасці, дыверсіфікацыі рынкаў збыту, пошуку іншых эканамічных магчымасцяў, чым прадаваць такія прадпрыемствы, на якія завязана шмат працоўнай сілы. І перадача ў расейскія рукі будзе значыць не толькі перадачу прадпрыемства як эканамічнай адзінкі, але і прадпрыемства з занятымі там людзьмі, як палітычнай адзінкі».

Атрымліваецца, што гэта той рэдкі выпадак, калі жаданне ўлады Беларусі трымаць сітуацыю пад кантролем ідзе на карысць як айчыннай прамысловасці, гэтак і нацыянальнай бяспецы.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum