Медчыноўнікі адмовіліся публікаваць штомесячную статыстыку смяротнасці


Колькасць заражаных каронавірусам у нашай краіне, паводле афіцыйнай статыстыкі, амаль наблізілася да 50 тысячаў, у свеце ж лічба інфікаваных перакрочыла 7 мільёнаў. Тым часам у нашых суседзяў – у Расеі – змякчаюць каранцінныя абмежаванні, а ў Польшчы, дзе каранцін знялі, рэгіструюць рост выпадкаў захворвання.

Колькасць інфікаваных каронавірусам у Беларусі набліжаецца да пяцідзесяці тысячаў чалавек. Памерлі 276 пацыентаў. За апошнія содні Міністэрства аховы здароўя зафіксавала 823 новыя выпадкі заражэння і 7 смерцяў. Але даверу да афіцыйнай статыстыкі ў большасці беларусаў няма. Жыхары Магілёва кажуць:

«Я думаю, яна зусім не такая, як нам па тэлебачанні паказваюць і ў друку».

«Мне здаецца, яна заніжана. Мне здаецца, болей людзей хварэе на каронавірус».

«Не давяраю. Таму што хлусіць наша дзяржава. Я бізнесмен. У мяне два пункты грамадскага харчавання ў Магілёве. І я цяпер не магу працаваць. Афіцыйна няма каранціну. Вы ў масцы на вуліцы. Прэзідэнт кажа, што яго няма. Мясцовыя органы ўлады забараняюць працаваць. Беззаконне».

«Падазрона. Дужа маленькая колькасць памерлых. Нават у параўнанні з краінамі, дзе медыцына на ўзроўні болей высокім, чым у нашай краіне».

Апошні брыфінг медычныя чыноўнікі правялі 24 красавіка. Пры гэтым публікаваць штомесячную статыстыку смяротнасці ў параўнанні з мінулым годам Міністэрства аховы здароўя адмовілася. Такі адказ атрымаў аўтар петыцыі з адпаведнаю просьбаю. Зварот на партале «Зручны горад» паўстаў праз сумненні, выкліканыя надзіва нізкім адсоткам смяротнасці ад COVID-19 у Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі. Намеснік міністра Дзмітрый Піневіч паабяцаў, што аналіз статыстыкі правядуць пасля заканчэння эпідэміі.

«Міністэрства здароўя наладзіла пастаянную сувязь са СМІ для інфармавання грамадзянаў. У тым ліку праводзіцца работа, накіраваная на папярэджанне распаўсюду панічных чутак і неправераных фактаў», – зазначыў першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч. У свеце ж колькасць хворых на COVID-19 дасягнула сямі мільёнаў чалавек, памерлі больш за 400 тысячаў.

Расея – другая пасля ЗША краіна паводле колькасці заражаных – адкрывае для сваіх грамадзянаў выезд за мяжу. Аднак выехаць грамадзяне Расеі змогуць толькі на працу, вучобу, лячэнне і каб даглядаць сваякоў. Іншаземцам дазволяць уезд у Расею для лячэння і догляду блізкіх. З заўтрашняга дня змякчаюць каранцінныя захады ў Маскве. У прыватнасці, адмяняюць рэжым самаізаляцыі ды пропускаў.

«З 9 чэрвеня змогуць узнавіць працу цырульні, салоны прыгажосці, фотаатэлье, ветэрынарныя клінікі і агенцтвы па працаўладкаванні», – паведаміў мэр Масквы Сяргей Сабянін.

Тым часам Вялікая Брытанія, каб не дапусціць другой хвалі эпідэміі, увяла двухтыднёвы каранцін для падарожных. Тыя, хто прыбывае ў краіну самалётам, цягніком або на пароме, абавязаныя падаць адрас, на якім яны будуць у самаізаляцыі. Выключэнне зрабілі, у прыватнасці, для сезонных працаўнікоў сельскай гаспадаркі, кіроўцаў цяжкавікоў і медыкаў.

«Парушэнне самаізаляцыі можа пацягнуць за сабою штраф памерам тысячу фунтаў стэрлінгаў», – папярэдзіла міністр унутраных спраў Вялікай Брытаніі Прыці Патэл.

У Польшчы – рэзкі рост заражэння каронавірусам. Бальшыня новых выпадкаў – у Сілезіі. На сёння тут інфікаваныя каля пяці тысяч шахцёраў. Улады краіны прынялі рашэнне прыпыніць здабычу вугалю на 12 шахтах на тры тыдні.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: прэс-служба Міністэрства аховы здароўя