Медалі, прагул, да сустрэчы!


Апошнім часам шмат беларускіх спартоўцаў адчуваюць на сабе ціск з боку нашага Міністэрства спорту і турызму. Здавалася, усё можна зразумець і прыняць, калі гэта прэтэнзіі да нездавальняючых вынікаў, якія яны паказалі на спаборніцтвах. Аднак часы змяніліся, і цяпер можна атрымаць напоўніцу за ўласнае меркаванне ды асабістую грамадзянскую пазіцыю адносна падзеяў у краіне, якія адрозніваюцца ад афіцыйных.

Не абышоў такі лёс і чэмпіёнку свету 2019 года па фрыстайле Аляксандру Раманоўскую, якую за «прагулы» звольнілі з нацыянальнай каманды.

Медалі, прагул, да сустрэчы – менавіта гэтак коратка можна апісаць сітуацыю, у якой аказалася Аляксандра Раманоўская. Усяго толькі за адзін, так бы мовіць, прагул, які фрыстайлістка скарыстала, каб завезці свайго бацьку пасля інсульту ў больніцу (паведаміўшы пра гэта кіраўніцтву), найлепшую спартоўку мінулага года выкідаюць са зборнай. Нонсенс.

«Ніякай логіцы гэта не паддаецца, прабіта чарговае дно. Я хацеў бы сустрэць чалавека, які б мне патлумачыў, навошта асноўнага прэтэндэнта на залатыя медалі на Алімпіядзе, найлепшую спартоўку Беларусі мінулага года звальняць са зборнай», – адзначыў журналіст газеты «Прессбол» Сяргей Шчурко.

Апошнім часам так хутка развіваюцца падзеі ў нашай краіне на глебе спорту, маю на ўвазе другі бок медаля, што толькі паспявай адсочваць. Раніцай у фрыстайлістаў пяціхвілінка, кароткая заява, нават не дырэктара цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі, і Раманоўская з 16-га кастрычніка – гуд бай. А ўжо вечарам прэс-канферэнцыя, дзе можна расставіць кропкі над «І».

«Да 16 кастрычніка я абавязаная выконваць усе патрабаванні, таму я кожны дзень прыходжу а 8:30 у цэнтр фрыстайлу, і тыя практыкаванні, якія я раней рабіла за 2–3 гадзіны, цяпер расцягваю на ўвесь дзень. Насамрэч гэта бессэнсоўная трата часу», – гаворыць чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская.

Аляксандра, нават нягледзячы на каронавірус, працягвае збіраць дакументы, даведкі, здаваць аналізы, каб правесці чарговую аперацыю, і затым працягнуць аднаўляцца ўжо па поўнай праграме. Галоўны трэнер нашай зборнай па фрыстайле Мікалай Казека таксама ў шоку ад таго, што адбываецца.

«Мы не казалі, што нам чагосьці не хапае, і Саша сказала менавіта тое, што яна адчула. Нічога антыканстытуцыйнага не было ў яе выказванні. Казаць, што гэта не ангажаванае рашэнне, чэмпіёнку свету проста так за адзін прагул звальняюць, то прабачце мне, неяк не ўкладваецца», – тлумачыць галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека.

Аляксандру падтрымлівае не толькі Мікалай Казека, зазначыўшы, што ўжо на ягонае месца шукаюць тытулаванага адмыслоўцу, але і ўся каманда лыжных акрабатаў, якая амаль поўным складам прыйшла на прэс-канферэнцыю на знак салідарнасці.

«Абсурд. Толькі чалавек, які не ведае Сашы, мог такое зрабіць. Яна якраз такая спартоўка, якая працуе больш за ўсіх. Гэта фармальная нагода для звальнення, так у кожнага з нас можна нешта знайсці. Наша сістэма так пабудавана, знайшлі і пакаралі», – распавядае двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў па фрыстайле Дзмітрый Дашчынскі.

Не толькі фрыстайлісты апошнім часам зазнаюць ціск з боку профільнага міністэрства. За сваю грамадскую пазіцыю баскетбалістка Алена Леўчанка працягвае заставацца на Акрэсціна, журналіст «Прессбол» Сяргей Шчурко і наш спартовы аглядальнік Дзяніс Ганчарэнка толькі адтуль выйшлі. Лідара нашай футбольнай дружыны Станіслава Драгуна, які падтрымаў Алену Леўчанку, не выклікалі ў зборную на вырашальны матч з Грузіяй. Трыятланістку Валянціну Зелянкевіч таксама прыбралі са зборнай, у нашай «залатой рыбкі» Аляксандры Герасімені прыкрылі яе школы, у якіх дзеці займаліся плаваннем. Гандбольны клуб «Віцязь-Леон» знялі з чэмпіянату. І гэта далёка не канец! Сітуацыя ўжо не вернецца на папярэднюю пазіцыю.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат»