Мазыр. У арэнду здаецца рака


Больш за 90 кіламетраў Прыпяці з прылеглымі поймавымі вадаёмамі ў Мазырскім раёне неўзабаве маюць здаць у арэнду для прамысловага і платнага аматарскага рыбалоўства.

«Мусіць быць яно здабыткам народу і ўсім адпачываць аднолькава і правільна, а хтосьці з гэтага хоча грошы мець. Як гэта разумець? Мы лічым, што гэта не правільна», – кажа мясцовы жыхар.

Перадаць у арэнду частку Прыпяці пастанавілі на падставе 508-га Указу кіраўніка краіны, скіраванага на павышэнне эфектыўнасці вядзення гаспадаркі і рыбагаспадарчае дзейнасці. У Мазырскім райвыканкаме запэўніваюць, што такі крок не паўплывае на магчымасць адпачываць на рацэ. Што да рыбалкі – нібыта для мясцовых яна мусіць застацца бясплатная па ўсёй тэрыторыі, а адцінку 13 кіламетраў у межах Мазыра здаваць у арэнду не будуць.

«Да там роў і плот, калючы дрот. Куды вы пойдзеце рыбачыць, скажыце?», – даводзіць сваю праўду мужчына.

Мясцовыя жыхары не вераць, што рыбалка будзе бясплатнай

Лавіць рыбу за грошы не кожны можа сабе дазволіць. Да таго ж экалагічныя актывісты адзначаюць, што прамыслова лавіць рыбу тут нельга. Тры гады таму Прыпяць ужо пацярпела ад арэнды: колькасць рыбы значна зменшылася. Мозырцы збіраюць подпісы за адмену перадачы ракі ў арэнду.

Ці спраўдзяцца асцярогі, будзе вядома неўзабаве

Гандляванні на права арэнды ракі адбудуцца 22-га траўня. Стартавы кошт Прыпяці пакуль складае крыху больш за Br 2 тыс.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY