Мазыр: ісці нельга штрафаваць


Лучажэвічы ды Пранькі лічацца прадмесцем Мазыра. Мясцовых жыхароў шмат што звязвае з горадам – лякарні, школа і крамы. Але людзі літаральна адасобленыя ад сваіх штодзённых патрэбаў чыгункаю. Без абсталяванага пераходу яны кожны дзень рызыкуюць страціць здароўе і жыццё.

«Мой дом тут насупраць, абыйсці мне няма куды, разумееце, няма магчымасці. Два разы я ўжо тут плаціў чыгуначнай міліцыі штраф. І не толькі я, людзей такіх многа», – абураецца жыхар Пранькі Міхаіл Бяляк.

Альтэрнатыва стыхійнаму пераходу існуе

Але для мясцовых жыхароў яна малапрыдатная. Праз чыгунку можна перайсці цывілізавана, але дарога да адмысловага пункту складае нават два кіламетры.

«Нам там чыгуначнікі зрабілі пераход – паклалі жалезабетонныя пліты на рэйкі, яны ёсць, так. Ну і што калі я жыву вось тут вось, ну як вы думаеце мае мне сэнс ісці вось тут вось па краі, каб перайсці там па правілах», – даводзіць мясцовая жыхарка Лілія.

Неабыякавы Мікалай Новік сабраў подпісы і скіраваў зварот да ўладаў

Мясцовыя жыхары просяць усталяваць пераход у патрэбным людзям месцы. Аднак чыгуначнікі адмовілі. Ва ўстанове сітуацыю тлумачаць тым, што «ў нас увогуле ідзе дыстанцыя Калінкавіцкая, мы адносімся да Калінкавіцкай дыстанцыі пуці, зараз нават аддзяленне хіба не можа вырашыць гэтае пытанне, будзе хіба вырашаць менская дарога».

Кіраўніцтва мясцовай чыгункі спасылаецца і на дзейныя нормы. Маўляў, пераход пабудуюць тады, калі плынь людзей на гэтым участку будзе дасягаць 150-ці чалавек за гадзіну. Столькі ў стыхійным пункце не праходзіць, але і створаныя два пераходы гэтай умове не адпавядаюць.

«Зробленая ўладамі праца ў выглядзе гэтага пераходу непатрэбна народу. У гэтым няма вострай неабходнасці. Тым больш рух тут рэдкі. Толькі часам да аўтобусу, а так тут ніхто не ходзіць», – распавядае спадар Новік.

Час ідзе, праблема застаецца неразвязаная.

«Калі гэта праблема сапраўды ёсць, я не думаю што гэта вельмі зруйнуе мазырскі бюджэт нават калі зрабіць там той пераход, калі вось нават тыя нормы не будуць адпавядаць, бо ў нас вельмі шмат чаго робіцца не па нормах і на гэта ўвесь час ніхто не звяртае ўвагі і траціць грошы«, – кажа актывіст Дзяніс Рабянок.

Але будзе толькі горш. Са словаў жыхароў, колькасць тых, хто будзе пераходзіць праз рэйкі ў гэтым месцы, значна павялічыцца ўжо ўлетку. Рэч у тым, што дзеці і дарослыя пацягнуцца на адпачынак да Прыпяці. Ужо сёння вядома, што ніякія штрафы не спыняць плыні парушальнікаў. Ці не прасцей усё ж прыслухацца да людзей і даць ім тое, чаго яны патрабуюць?

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»