«Маё каханне размаўляе па-беларуску, і я абавязаная таксама»


Дзе ў Менску паразмаўляць па-беларуску? Адказ ведае журналіст і папулярызатар роднае мовы Глеб Лабадзенка – ужо чацвёрты год запар ён ладзіць курсы «Мова нанова». З яго словаў, у розных гарадах Беларусі збіраюць гэтыя заняткі каля 700 чалавек штотыдзень. Чаму гэтыя курсы прывабліваюць так шмат людзей?

«Мова нанова» вяртаецца з вакацыяў – папулярныя бясплатныя курсы беларускай пасля летняга перапынку сабралі ў менскай кавярні «Грай» больш за 150 чалавек. Абмяркоўвалі кнігі, якія прачыталі ўлетку.

Арганізатары запрасілі на першы занятак пісьменніка Уладзіміра Арлова і народную артыстку Беларусі Зінаіду Бандарэнку. Спадар Арлоў прэзентаваў свае ўжо выдадзеныя кнігі, а Зінаіда Аляксандраўна распавядала пра мемуары, якія неўзабаве пабачаць свет.

«Пра тое, як я ішла да Беларусі, праўда, не дайшла, як і ўсе беларусы, мы ўсе яшчэ ніяк не дойдзем, не хапае нам свядомасці, не хапае ўзлётнай думкі пра Беларусь, таму мы ўсе ідзем-ідзем, і ніяк не дойдзем» – распавядае Зінаіда Бандарэнка.

Калі не шляхам, то першым крокам да беларушчыны і Беларусі, на думку наведнікаў, і ёсць курсы «Мова нанова». Наведнікі курсаў дзеляцца:

«Цяпер мы спрабуем адбудаваць сваю свядомасць, тоеснасць, пасля доўгага часу заняпаду, і нам трэба гэтым займацца, гэта наш абавязак».

«Маё каханне размаўляе па-беларуску, і я абавязаная таксама размаўляць па-беларуску».

Адметнасць курсаў яшчэ і ў тым, што яны ствараюць асяроддзе тым людзям, што не маюць беларускамоўнага кола.

«Мы не вучым мову дзеля мовы, мы запрашаем класных беларускамоўных людзей, якія расказваюць пра свой занятак па-беларуску, у гэтым сакрэт: мне самому кожны раз цікава прысутнічаць на занятках» – тлумачыць Глеб Лабадзенка, заснавальнік курсаў.

Менскія заняткі будуць праходзіць у кавярні «Грай» кожны панядзелак а 18.30, а ўжо праз тыдзень «Мова нанова» прыйдзе і ў Ліду. Гэта будзе 19-ты беларускі горад, дзе каманда курсаў будзе вучыць беларусаў роднае мове.

Настасся Храловіч, belsat.eu