«Маяк Менску»: замест Сігала – бамжы і алкаголікі


Яны заплацілі за раён мары, але атрымалі кватэры зніжанай якасці. Жыхары комплексу «Маяк Менску», шырока разрэкламаванага дзяржаўным тэлебачаннем, выйшлі на пратэст да гандлёвага цэнтру, які ўрачыста адкрывалі прэмʼер-міністры Беларусі і Сербіі. Бо тут не абышлося без парушэнняў закону з боку беларускіх уладаў і сербскіх грошаў сумнеўнага паходжання.

Жывая музыка, чырвоная стужка і апладысменты

Прэмʼер-міністры Сербіі і Беларусі Кабякоў і Вучыч урачыста адкрылі гандлёвы цэнтр «Дана Мол» у межах праекту «Маяк Менску», і пахвалілі саміх сябе за поспехі ў сербска-беларускіх інвестпраектах.

«Сёння мы на свае вочы бачым, што найважнейшы праект – «Маяк Менску» плошчай 1 млн квадратных метраў – блізкі да завяршэння», – рапартаваў Андрэй Кабякоў.

Аляксандра Вучыча прывіталі пікетам з плакатамі «Прэч з Менску ілжэ-інвестара з Сербіі!»

Жыхары «Маяку Менску» кажуць, што забудоўнікі разам з уладамі іх падманулі, задорага прадаўшы танны тавар – вось гэтыя жылыя дамы ля Нацыянальнай бібліятэкі.

«У гэтых дамах жыць не толькі немагчыма, але і небяспечна. Там усталяваныя б/у ліфты, усе камунікацыі змантаваныя з парушэннямі. У выніку мы сядзім без вады ў гэтых дамах, у нас пастаянна ламаюцца ліфты і не працуе каналізацыя», – абураецца жыхарка комплексу Святлана Кудзіна.

«Маяк Менску» дзяржаўныя тэлеканалы прадстаўлялі, як будаўнічы поспех

Распавядалі, што кіназорка Стывен Сігал набыў сабе цэлы паверх. Але пабудавалі не так, як было ў праекце. Цесныя двары, замест падземнага паркінгу – гандлёвыя плошчы, танныя будаўнічыя матэрыялы і камунікацыі.

«Людзі заплацілі за трэцюю чаргу $1400-1500 за квадратны метр. Паводле самых аптымістычных ацэнак сабекошт $400-450. Куды падзеліся гэтыя грошы? Па якіх кішэнях іх разапхалі? Куды яны выведзеныя?», – тлумачыць яшчэ адзін уладар кватэры Павел Цітоў.

Жыхары не могуць нават паставіць дамафоны

Таму замест Стывена Сігала цэлыя паверхі абжываюць залётныя бамжы і алкаголікі. Ліквідаваць недаробкі праз гарантыю немагчыма – адміністрацыя Першамайскага раёну перашкаджае стварыць таварыства жыхароў. А ў дзяржаўным ЖЭСе «ўсё схвачана».

«Нам проста не даюць стварыць таварыства, якое будзе функцыянаваць. Чамусьці ўсе дамы перадаюць у ЖКГ – гвалтоўна, з міліцыяй», – скардзіцца Юлія Раманейка.

Дайшло да падробкі подпісаў і выкрадання ноўтбука міліцыянтамі

«Судзіцца з забудоўнікам бессэнсоўна. На ўсіх узроўнях нельга сказаць, што крышуюць, але такая абарона! Яны проста смяюцца нам у вочы», – кажа спадар Цітоў.

Забудоўнікі сябравалі з Мілошавічам, іх шукаў інтэрпол

Чыноўнікі кажуць: вы што, не ведаеце, з кім звязаліся? Гэта ж сербскія сябры Лукашэнкі!

«Дзяржава аддае ім самыя салодкія, самыя зялёныя, самыя прыгожыя кавалкі гораду. І ў выніку яны будуюць не тое, што заяўляюць у буклетах і рэкламах, а будуюць жытло нізкіх спажывецкіх уласцівасцяў», – звяртае ўвагу мясцовая жыхарка Святлана Кудзіна.

Самыя салодкія кавалкі Менску атрымліваюць сербскія бізнесоўцы браты Багалюб і Драгамір Карычы, уладальнікі міжнароднай групы кампаніяў «Dana Holdings». Раней яны сябравалі з сербскім дыктатарам і ваенным злачынцам Слабаданам Мілошавічам, адзін з братоў быў у вышуку Інтэрполу за фінансавыя махінацыі. Цяпер у Беларусі будуюць што хочуць і як хочуць.

Да галоўнага ўваходу ў гандлёвы цэнтр пратэстоўцаў не пусцілі шматлікія людзі ў цывільным, знаёмыя журналістам як працаўнікі сілавых структураў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: belta.by