Маці палоннага ўкраінскага марака: «Гэта быў ягоны першы выхад у мора!»


Аднапавярховы домік у вёсцы пад Адэсай. Тут жыве сям’я 18-гадовага Андрэя Эйдэра. Яго разам з іншымі ўкраінскімі маракамі захапілі ў палон расейскія сілавікі. Ён – адзін з трох цяжкапараненых.

Гэты фотаздымак Андрэй зрабіў падчас вучобы на матроса-зваршчыка. Маці, малодшыя брат і сястра, гартаюць старыя фотакарткі з сямейнага альбому:

– О, Андрушка!

– Ага, гэта ён Соньку трымае!

Вікторыя, Андрэева маці, узгадвае: ён марыў стаць мараком з дзяцінства. А вось на вайсковую службу трапіў выпадкова. Падчас вучобы ў марскім ліцэі прапанавалі падпісаць кантракт з ваенна-марскімі сіламі. Хлопец пагадзіўся. Але першы ж рэйс на катары «Бярдзянск» стаў для матроса фатальным.

«Гэта быў наагул ягоны першы выхад у мора! Я ведаю, што ён таблеткі купляў ад марской хваробы, баяўся, каб не ўкачвала… А так, у прынцыпе, прадчуваў! Увечары, калі тэлефанаваў, развітваўся, у яго голас трымцеў, – вельмі не хацеў выходзіць!» – гаворыць Вікторыя Эйдэр, маці палоннага марака.

Паводле інфармацыі расейскіх медыяў, цяпер Андрэй у адной з больніцаў Керчы. Яго нядаўна прааперавалі. Украінцы ў сацыяльных сетках пішуць яму ды іншым маракам словы падтрымання. Некаторыя называюць яго героем. Але маці такіх эпітэтаў на адрас сына не вітае.

«Які ён герой! Ён проста хлопец, які трапіў у такую сітуацыю зусім нават не са сваёй волі! Ці за паўтара месяца можна стаць героем, ён што – служыў?» – кажа маці палоннага марака.

Даведацца пра стан здароўя Андрэя ды іншых палонных маракоў немагчыма: няма з імі сувязі. Тым часам у Адэсе кіраўніцтва ваенна-марскіх сілаў запрасіла семʼі ўсіх 24-х захопленых вайскоўцаў. Бацька параненага марака Васіля Сарокі Віктар распавёў нам пра мэту сустрэчы.

«Хлопцы выканалі свой грамадзянскі ды ваенны абавязак! Хлопцы выканалі тое, што ім даручылі! І сёння мы сабраліся дзеля таго, каб скаардынавацца, абʼяднаць усе свае намаганні, каб выцягнуць нашых хлопцаў дадому!» – распавядае Віктар Сарока, бацька палоннага марака.

Дэталяў сустрэчы вайскоўцы не разгалошваюць. Баяцца нашкодзіць сваім таварышам. Але запэўніваюць: ёсць выразны план іхнага вяртання ва Украіну. А сваякам аказваюць дапамогу.

«Усе людзі, у якіх ёсць праблемы, – яны ведаюць, якім чынам можна будзе атрымаць псіхалагічную дапамогу!» – гаворыць Андрэй Урсал, намеснік камандуючага ВМС Украіны ў маральна-псіхалагічным забеспячэнні.

Украінскія ваенныя катары, захопленыя расейскімі вайскоўцамі, таксама застаюцца ў Крыме. Менавіта па іх 25-га лістапада расейскія сілавікі ў Керчанскай пратоцы адкрылі агонь. Тады, паводле інфармацыі Украіны, былі параненыя шасцёра ўкраінскіх вайскоўцаў, трое былі ў цяжкім стане. Украінскі бок лічыць захопленых маракоў ваеннапалоннымі.

Усевалад Ананьеў, belsat.eu

На фота Андрэй Эйдэр, фота з сацсетак