Маці Дзмітрыя Завадскага: Лесвіца – асноўная перашкода


Людзі з інваліднасцю, а таксама старыя і хворыя асобы ў Беларусі нярэдка вымушаныя ўвесь час перабываць дома праз складанасць самастойна з яго выйсці. Выпрабаванне безбар’ернага асяродку адчула на сабе Вольга Завадская, маці зніклага без вестак 18 гадоў таму тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага. Праз цяжкую анкалагічную хваробу выйсце з кватэры для жанчыны становіцца цяжкою задачай.

Невялічкая лесвіца ад ліфта і на ганку чатыры прыступкі – для здаровага чалавека звычайная рэч. А для Вольгі Завадскай, якая некалькі гадоў змагаецца з анкалагічным захворваннем, гэта цяжкае выпрабаванне.

Вольга Завадская жыве ў шараговым панэльным доме. Каб наведаць гарадскі анкалагічны дыспансер, жанчыне даводзіцца выходзіць з кватэры а 7 раніцы. Кожная прыступка вартая неймаверных высілкаў.

«Хвілінаў 40 трэба, пакуль я апрануся, «прычыпуруся», ну і лесвіца… асноўная перашкода. Людзі па-рознаму ставяцца да трагедыі людзей, якія прывязаныя да вазкоў. Архітэктура мусіць прадугледжваць пандусы падчас кожнага жыллёвага будаўніцтва. Бо, як ні круці, а даводзіцца карыстацца прыстасаваннямі, каб палегчыць сабе транспартаванне ў цэнтры анкалагічныя», – кажа Вольга Завадская.

Відавочна, што пандусам, які камунальнікі па-хуткаму зрабілі на ганку, могуць рызыкнуць скарыстацца хіба што аматары экстрэмальнага спорту.

«У мяне тут інваліды ёсць, якія з кійкамі ходзяць. Трэба, каб быў пандус, каб адрамантавалі прыступкі, каб не тырчаў там дрот і арматура. Чапляюцца людзі, валяцца… Колькі я кіраўніцтву казала, а нічога – нуль увагі», – распавядае Алена Чукісава, прыбіральніца ад ЖЭС № 112.

Кіраўніцтва праблему ведае: у пад’ездзе неабходны электрапад’ёмнік. Цяпер Вольга Завадская інвалід і можа перамяшчацца толькі з дапамогаю сваякоў. Галоўная надзея ў жыцці – сын Дзмітрый – без следу знік у 2000 годзе. Гэтую трагедыю часцяком звязваюць з цэлым шэрагам іншых знікненняў апанентаў дзейнага кіраўніка краіны.

Раіса Міхайлоўская, дырэктарка Беларускага дакументацыйнага цэнтру:

«Я вельмі спадзяюся, што нашая сацыяльная дзяржава знойдзе нарэшце нейкі разумны і, галоўнае, аператыўны метад і эфектыўны метад з безбар’ерным асяродкам для Вольгі Завадскай».

Вольга Завадская не можа чакаць ласкі ад чынавенства бясконца. Хто ў такой сітуацыі працягне руку дапамогі?

Любоў Лунёва, belsat.eu